Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Будаваць мір метадам дыялога
Публіцыстычная старонка Пятра Рудкоўскага
31.12.2010 12:08
«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі...» Гэта песня ўпершыню прагучала ў прысутнасці бэтлеемскіх пастушкоў у выкананні гурта нябесных анёлаў. Галоўным яе матывам была «хвала Богу» і «супакой (мір) людзям».

Давайце на хвілінку задумаемся над гэтым матывам. Дзеля гэтага нам трэба пераступіць часавыя межы і апынуцца ў Рымскай імперыі часоў імператара Аўгуста. У апошнія гады старой эры гэты імператар здолеў дамагчыся велізарных поспехаў. У 15 г. да н.э. два вялікія сябры Аўгуста Друзус і Тыберый захапілі досыць вялікія абшары паміж Дунаем і Альпамі. У 13 г. вайсковая экспедыцыя пад кіраўніцтвам Агрыпы, зяця Аўгуста, прымусіла падпарадкавацца жыхароў Паноніі і Дальматыі. Пачынаючы ад 12 г. Друзус здолеў эфектыўна спацыфікаваць германскія плямёны, замацоўваючы панаванне Рыму ўздоўж Рэну. Прыкладна ад 8 г. да н. э. пачынаецца перыяд кароткачасовага міру...

І якраз у гэтым прамежку часу, тады, калі, як кажа паданне і што пацвярджае гістарычная навука, нідзе ў свеце не вяліся войны, нараджаецца ў бэтлеемскім хлеўчуку Езус Хрыстус. Той, які яшчэ задоўга да свайго нараджэння быў названы «Князем супакою».

А цяпер цікава было б заняцца пытаннем: пра які супакой-мір пяе гурт анёлаў? Ці пра той мір, які здолеў забяспечыць на некалькі дзесяткаў гадоў імператар Аўгуст, ці пра мір, які прынёс Нованароджаны ў бэтлеемскім хлеўчуку?

Што ўяўляе сабой мір Аўгуста і мір Хрыста? Рымскі мір, славутая «pax romana» ў многім удзячны дзеездольнасці і ваеннаму спрыту 25 легіёнаў Рымскай імперыі, якія ў выніку бліскучых перамог змаглі даказаць сваю перавагу над войскамі «варвараў». Але гэта яшчэ не ўсё. Бліскучыя перамогі рымскіх легіёнаў вынеслі на вяршыню славу Актавіяна Аўгуста. Ужо ў 9 г. да н.э. быў пабудаваны адмысловы алтар пад назвай «Алтар аўгустаўскага міру». У гонар тагачаснага валадара будаваліся святыні і нават цэлыя гарады, а сам ён быў абвешчаны нашчадкам багоў. Імператар Аўгуст лічыўся новым Юпітэрам, Юпітэрам-Збаўцам, зоркай, якая ўзышла над светам...

А цяпер давайце вернемся да той песні, якую спявае гурт анёлаў: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой...» Пачуйма гэтыя словы: «Хвала БОГУ». Хвала, чэсць і пашана належаць Богу!

Ці ўдалося нам улавіць глыбокі сэнс гэтай песні? А сэнс тут такі: не можа быць міру на зямлі, калі боская пашана аддаецца не Богу, а каму-небудзь іншаму альбо чаму-небудзь іншаму. Не будзе сапраўднага міру на зямлі, калі людзі будуць абагаўляць імператара.

Папа Бэнэдыкт XVI у сваім пасланні на Сусветны дзень міру 2011 г. больш за дзве трэціх тэксту прысвячае пытанню рэлігійнай свабоды. Несумненна, стаіць за гэтым перакананне, што мір на зямлі цесна звязаны з «хвалой Богу», гэта значыць скіроўваннем рэлігійных пачуццяў не да зямных валадароў або ідэалагічных прынцыпаў, а да самога Бога. Важна заўважыць таксама, што мір паміж людзьмі магчымы тады, калі пануе мір унутры душы паасобных людзей. А сітуацыя рэлігійнай несвабоды стварае сур’ёзнае выпрабаванне і пагрозу для гэтага міру. Як трапна заўважыў Ян Павел ІІ, «страх нараджаецца тады, калі Бог памірае ў чалавечай свядомасці» (Пасланне на Сусветны дзень міру 1985 г., пункт 5).

Існуе аўгустаўскі мір і мір Хрыстовы. З аднаго боку, мір, пабудаваны на гвалце, інтрыгах і маніпуляцыях, з другога — мір, у аснову якога пакладзена праўда, свабода і любоў. Нам нельга блытаць гэтыя два тыпы міру. Трэба мець адкрытыя вочы і чулае сэрца, каб распазнаваць сапраўдны мір і адрозніваць яго ад рознага роду пародыяў міру.

Папярэднік Бэнэдыкта, Слуга Божы Ян Павел ІІ, быў вядомы як вялікі абаронца міру на зямлі. Адначасова ж ён звяртаў увагу на тое, што не кожны мір з’яўляецца добрым мірам. У прыватнасці, заклікаў веруючых хрысціян не паддавацца «псеўда-міру таталітарных рэжымаў» і памятаць, што людзі «маюць права і абавязак абараняць пры дапамозе адпаведных сродкаў сваю свабоду супраць несправядлівай агрэсіі» (Пасланне на Сусветны дзень міру 1982 г., пункт 12).

«Хочаш служыць справе міру — шануй свабоду» — менавіта з такім пасылам звярнуўся да Касцёла і свету Ян Павел ІІ у 1981 г. Прайшло роўна 30 год з таго часу, а той пасыл застаецца надалей актуальным, роўна ж як актуальным з’яўляецца і сам змест таго паслання. «Ці ва ўлонні народа мір мае рэальныя перспектывы, калі на палітычным узроўні не гарантаваны свабодны ўдзел у калектыўных рашэннях і магчымасць цешыцца асабістай свабодай? — рытарычна пытае Пантыфік і з націскам сцвярджае: Няма праўдзівай свабоды — фундамента міру — там, дзе ўся ўлада засяроджана ў руках аднаго сацыяльнага класа, адной расы або адной групы альбо калі супольнае дабро атаясамліваецца з інтарэсамі адной партыі, якая ідэнтыфікуецца з Дзяржавай. (...) Няма таксама сапраўднай свабоды там, дзе ўнутраная бяспека становіцца адзінай і найвышэйшай нормай у адносінах паміж уладай і грамадзянамі, як быццам бы гэтая бяспека з’яўляецца адзіным або асноўным спосабам захавання міру» (Пасланне на Сусветны дзень міру 1981 г., пункт 2).

Што ж, калі бяспеку, усталяваную і ахоўваемую сілавымі метадамі, нельга лічыць асноўным спосабам захавання міру, то які спосаб мог бы лічыцца асноўным? Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI сцвярджаюць ва ўнісон: дыялог.

Тут будзе дарэчы яшчэ раз прыгадаць анёльскую песню: «...а на зямлі супакой-мір людзям добрай волі». Вось жа дыялог — гэта актывізацыя сваёй добрай волі, спалучаная з прэзумпцыяй добрай волі ў іншага чалавека. Без гэтай актывізацыі і без гэтай прэзумпцыі мы не зможам рэалізаваць мір, дараваны нам Езусам Хрыстом.

Дыялог грунтуецца на шанаванні годнасці іншага чалавека. Гэты «іншы» можа быць маім ідэйным праціўнікам, можа быць палітычным апанентам, але я бачу ў ім асобу, я распазнаю ў ім вобраз і падабенства Божае і з гэтага зыходжу ў ідэйнай палеміцы або палітычнай канкурэнцыі. «Асноўнай прадпасылкай дыялога — кажа Ян Павел ІІ — ёсць шуканне таго, што добрае, праўдзівае і справядлівае для кожнага чалавека, для кожнай групы і кожнай супольнасці, як для той яе часткі, да якой я належу, так і для той, да якой належыць мой праціўнік» (Пасланне на Сусветны дзень міру 1983 г., пункт 6).

Будзьма, браты і сёстры, будаўнікамі міру! Але хай гэта будзе мір Хрыстовы, не аўгустаўскі. Будуйма мір на праўдзе, у свабодзе і метадам дыялога. Хай дзякуючы нам яшчэ гучней загучыць песня: «Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!» Няхай загучыць яна і адгукнецца рэхам надзеі ў сэрцах тых, хто сталі ахвярамі «псеўда-міру»! Супакой Пана няхай заўсёды будзе з намі.

Пётр Рудкоўскі

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.