Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пётр Рудкоўскі: Беатыфікацыя, Дзень Міласэрнасці і... «Сотая гадавіна»
Публіцыстычная старонка Пятра Рудкоўскага
02.05.2011 16:41

Сёлятняе 1 мая мае багатую сімволіку. Абвяшчэнне благаслаўлёным Яна Паўла ІІ, свята Міласэрнасці, першы дзень марыйнага месяца, успамін Юзафа Рамесніка, дзень працы, дваццатая гадавіна выдання энцыклікі Centesimus annus — усё гэта наклалася адно на другое, утварыўшы гарманічнае цэлае, і надало асаблівае гучанне дадзенаму дню: 1 мая 2011 года. Можна сказаць, што ў гэты дзень май стаў сапраўды maius, нешта-большае-чым-звычайна.

У энцыкліцы Centesimus annus, выдадзенай 1 мая 1991 года, папа Ян Павел ІІ пісаў: «У сотую гадавіну энцыклікі Rerum novarum прагну падзякаваць усім, хто прыклаў намаганні для вывучэння, паглыблення і распаўсюджвання хрысціянскага сацыяльнага навучання» (пункт 56).

Ужо сама назва Centesimus annus («Сотая гадавіна») указвае на нейкую іншую важную падзею, сувязь з якой і шыфруе гэтая назва. Згаданая энцыкліка Яна Паўла ІІ была прымеркавана да сотай гадавіны выдання папам Львом ХІІІ энцыклікі Rerum novarum, якая паклала пачатак каталіцкай сацыяльнай навуцы як асобнай дысцыпліны, а таксама надала сацыяльнаму служэнню прыярытэтнае душпастырскае значэнне. Бачым, што Ян Павел ІІ дзякуе ўсім, хто на працягу тых ста гадоў прысвячалі свой час і энергію вывучэнню этычных праблем у грамадствазнаўстве. А такіх праблем, як няцяжка здагадацца, было мноства. Дзве сусветныя вайны, паўстанне і падзенне дзвюх таталітарных сістэм, дэкаланізацыя, глабалізацыя... Энцыкліка Centesimus annus стала месцам багаслоўскага аналізу і маральнай ацэнкі ўсіх гэтых працэсаў. Скразным пасылам гэтага вакольніка стаў той самы пасыл, што быў сфармуляваны Вялікім Папам у ягонай першай, «праграмнай» энцыкліцы: чалавек — гэта каштоўнасць сама ў сабе (гл. Redemptor hominis, 13).

Падзякаваўшы за прыкладзеныя намаганні па вывучэнні і паглыбленні сацыяльнай дактрыны Касцёла, Папа выразіў таксама сваё жаданне на будучыню:

«Праца гэтая патрабуе ўзаемадзеяння мясцовых Касцёлаў; выражаю пры гэтым сваё глыбокае прагненне, каб святкаванне гэтай гадавіны спарадзіла новую сілу для вывучэння, пашырэння і прымянення сацыяльнага вучэння Касцёла ў розных асяроддзях. Асабліва прагну, каб гэтае вучэнне пашыралася і рэалізоўвалася ў краінах, якія пасля заняпаду рэальнага сацыялізму сутыкаюцца са шматлікімі цяжкасцямі ў працэсе адбудовы» (пункт 56).

Пасыл тут надзвычай ясны: Папа хацеў, каб мясцовыя Касцёлы ў краінах былога сацыялістычнага блоку дапамаглі народам з тых краін выйсці з «савецкага рабства», паспрыялі пераадоленню таталітарнай спадчыны. Сама энцыкліка з 1991 года, прысвечаная ў значнай ступені аналізу савецкага таталітарызму, у сувязі з чым магла б стаць выдатным падручнікам для мяцовых Касцёлаў з пост-савецкага абшару па ўдзелу ў працэсе маральнага аздараўлення культуры, эканомікі і палітыкі ў краінах з гэтай тэрыторыі. Дваццатая гадавіна Centesimus annus і сто дваццатая Rerum novarum стварае нагоду для рэфлексіі над тым, у якой ступені прагненне Яна Паўла ІІ здзейснілася. Ці з’явілася «новай сіла» да вывучэння, пашырэння і прымянення сацыяльнага навучання Касцёла? Ці мясцовыя Касцёлы на абшарах былога сацыялістычнага блоку дапамагалі пражываючым там народам акрыяць і аднавіць сваю тоеснасць пасля 70-гадовай (або 40-гадовай) камуністычнай навалы? Ці сёння Ян Павел ІІ меў бы падставы паўтарыць у наш адрас словы, сказаныя на пачатку 90-х у адрас іншых лакальных Касцёлаў: «Прагну падзякаваць тым, хто прыклаў намаганні для вывучэння і распаўсюджвання хрысціянскага сацыяльнага навучання»?

20-годдзе Centesimus annus, памножанае на радасць ад беатыфікацыі Яна Паўла ІІ і надзею на Божую Міласэрнасць, хай паспрыяе аднаўленню (а можа, з’яўленню) сілы для вывучэння і рэалізацыі хрысціянскага сацыяльнага навучання, пра якую ён казаў тады, 20 год таму. Няхай яго благаслаўленне і заўсёды актуальнае «Не бойцеся!» перамяняе нашы розумы і сэрцы, і напаўняе іх тым самым Духам, які быў уласцівы Пятру і Яну, калі яны перад абліччам пераследу казалі: «Трэба слухацца Бога больш, чым людзей» (пар. Дз 5, 29).

Пётр Рудкоўскі

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.