Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова, якое стала... пытаннем
Публіцыстычная старонка Пятра Рудкоўскага
27.12.2010 15:08

«Было Святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека» (Ян 1, 9). У гэтыя дні дазволю сабе перафразіраваць гэтыя словы: «Было Святло праўдзівае, якое задае пытанне кожнаму чалавеку». Пра што пытаецца? Ці свеціш ты, чалавеча, Боскім агнём? — вось пра што пытаецца Яно.

Чамусьці перад вачыма паўстае вобраз папы Яна Паўла ІІ, які на вігілію Божага Нараджэння ў 1981 годзе пры вакне залы для аўдыенцый запаліў свечку. Гэта быў знак удзелу ў міжнародным сімвалічным жэсце падтрымкі ўсіх тых палякаў, якія прагнулі вызваліцца з-пад дыктатарскага ярма, але чыя воля была часова прыдушана ў выніку ўвядзення Войцехам Ярузэльскім ваеннага становішча. Гэты маўклівы жэст прамаўляў моцна і дзейсна, бо ён быў прадыктаваны тым спрадвечным і праўдзівым Святлом.

Слова, якое было святлом... Слова, якое сталася целам... Сёння Яно становіцца для нас пытаннем. Ці здольныя твае вушы пачуць гук гэтага Слова? Ці гатовыя твае вусны прамовіць Яго? Ці адкрыта тваё сэрца на Святло, «якое асвячае кожнага чалавека»? Ці заўважаеш тыя месцы і тыя сітуацыі, куды ты, чалавеча, павінен пайсці і свяціць? Ці не гасіш ты тое святло, якім Бог цябе адарыў? Ці не марнуеш Божае слова???

Нельга гасіць святло, якое Бог запаліў у нашых сэрцах. Нельга адварочваць позірк ад тых, хто «церпіць пераслед дзеля справядлівасці». Нельга маўчаць і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца, калі хлусня набірае абароты і атручвае душы сотняў або тысяч людзей. Нельга быць вызнаўцам Святла, заключаючы кампрамісы з Цемрай.

Пётр Рудкоўскі

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.