Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Некалькі думак наконт тэорыі эвалюцыі
Публіцыстычная старонка Пятра Рудкоўскага
10.02.2009 04:08

12 лютага бягучага года выпадае 200-годдзе з дня нараджэння Чарльза Дарвіна. Прапаную з гэтай нагоды некалькі рэфлексій наконт створанай ім мега-тэорыі, якая мела сур'ёзныя светапоглядныя наступствы. Наступствы, якія да сённяшняга дня з'яўляюцца фактарам шматлікіх дыскусій...

«Ведаеш, Пётр, — кажа мне Брант, амерыканец з Канзаса, — амерыканскія падручнікі па гісторыі вельмі моцна скажаюць праўду». «У якім сэнсе?» — пытаюся. «У іх гаворыцца, што наша Зямля мае больш за 6 тысяч гадоў, у той час як з Бібліі адназначна вынікае, што свет быў створаны Богам не больш за 6 тысяч гадоў таму...»

Пазіцыя спадара Бранта ў справе ўзросту планеты Зямля і Сусвету не з’яўляецца адзінкавай. У 2005 годзе Міністэрства адукацыі штата Канзас (Kansas State Board of Education) прыняло шэраг пастановаў, якія абавязвалі школьных выкладчыкаў паказваць «слабыя бакі» тэорыі эвалюцыі і прэзентаваць тэорыю звышнатуральнага інтэлігентнага плану (intelligent design theory) як тэорыю больш верагодную і навукова абгрунтаваную. Паўтара года ў школах Канзаса абавязваў крэацыянізм.  

Крэацыянізм — гэта канцэпцыя, якая пастуліруе літаральнае разуменне Кнігі Быцця і ў сувязі з гэтым сцвярджае, што жыццё на зямлі налічвае прыкладна 6 тысяч гадоў і ўсе існуючыя біялагічныя віды былі адмыслова створаныя Творцам, а не паўсталі — як кажуць эвалюцыяністы — у выніку мутацый з больш простых формаў жыцця.

Крэацыяністы ў сваіх артыкулах і працах на біялагічныя тэмы канцэнтруюцца перадусім на цяжкасцях і праблемах, з якімі тэорыя эвалюцыі мае дачыненне. А праблемных момантаў у гэтай тэорыі хапае. Найбольшы, бадай, з іх — гэта пытанне пра магчымасць гатункавых мутацый, у выніку якіх маглі б паўставаць новыя гатункі (у святле сучаснай генетыкі такую магчымасць цяжка дапусціць); вялікай загадкай застаецца механізм паўставання інфармацыйных часцінак.

Дзін Кэн’ён, вядомы ў навуковым свеце біяфізік, распрацоўваў у свой час тэорыю біяхімічнай эвалюцыі, аднак прыйшоў да высновы, што трансфармацыя хімічных сувязяў ў такія складаныя інфармацыйныя часцінкі, як РНК і ДНК, немагчымая. Гэта і абумовіла пераход Кэн’ёна на крэацыянісцкія пазіцыі. Можна яшчэ ўказаць на праблемы чыста метадалагічнага характару (прыводжу ўслед за Карлам Поперам): таўталагічнасць, нефальсіфікавальнасць, адсутнасць прагназавальнай моцы.

Крэацыяністы маюць рацыю, указваючы на недасканаласць тэорыі эвалюцыі. Тут, аднак, трэба паставіць два пытанні. Першае: а якая навуковая тэорыя з’яўляецца дасканалай? Навука складаецца (як тое настойліва падкрэсліваў Карл Попер) з «дапушчэнняў і адпрэчанняў», гэта значыць, пробных вырашэнняў пазнавальных праблемаў. І другое пытанне: ці тэорыя, якую прапануюць крэацыяністы, з’яўляецца больш дасканалай і больш навуковай, чым тэорыя эвалюцыі?

Маю сур’ёзныя сумненні наконт другога пункта. У той час як тэорыя эвалюцыі — хоць і не з'яўляецца дасканалай тэорыяй — усё ж валодае вялізным эўрыстычным патэнцыялам, то крэацыянізм пазбаўлены такога патэнцыялу. Крэацыянізм прадугледжвае вельмі спрошчаную мадэль біялагічнай рэчаіснасці і замыкае нас у цесным коле паспешліва прынятай інтэрпрэтацыйнай догмы наконт літаральнага разумення Кнігі Быцця.

Наконт інтэрпрэтацыі Кнігі Быцця, ды й увогуле Бібліі, трэба асобна сказаць некалькі словаў. Біблійнае слова мае сімвалічную прыроду — гэта значыць яго сэнс мае не толькі паверхневую структуру, але таксама і глыбінную. Біблія — гэта космас сімвалаў. Мы сустракаемся з сімвалам для таго, каб ісці далей і глыбей, у накірунку больш глыбокага сэнсу, які непасрэдна нам не даступны.

Атаясамленне біблійнага сэнсу з паверхняй сімвала з'яўляецца непрымальным з багаслоўскага пункту гледжання. Ужо ў першыя стагоддзі хрысціянства Айцы Царквы заклікалі да «духоўнага» прачытвання Бібліі, гэта значыць выйсця па-за літаральны сэнс. Дык чаму некаторыя хрысціяне ў ХХІ стагоддзі так упарта трымаюцца літаральнага сэнсу Кнігі Быцця? Літаральнае прачытанне Кнігі Быцця (а менавіта так падыходзяць да яе крэацыяністы) выклікае сур’ёзныя багаслоўскія пярэчанні.

Трэба, аднак, падкрэсліць, што дагматызм і празмерная самаўпэўненасць характэрныя не толькі для крэацыяністаў. Сярод зілотаў тэорыі эвалюцыі нямала такіх, хто гатовы абвясціць «анафему» (у выглядзе, напрыклад, выдалення з універсітэту, адмовы ў публікацыі, публічнага знеслаўлення) кожнаму, хто выступае з якой-небудзь крытыкай у адрас тэорыі эвалюцыі.

«Памятайце, што справа не толькі ў тым, каб трымаць крэацыянізм далёка ад школаў, але таксама каб гарантаваць, што тэорыя эвалюцыі будзе выкладацца ў школах адпаведным чынам, без нейкіх засцярог тыпу таго, што гэта, маўляў, „толькі“ тэорыя», — заклікае ў сваім артыкуле Глен Бранч. Абсалютызацыя тэорыі эвалюці нярэдка спалучаецца з інструментальным яе выкарыстаннем для прапаганды атэізму (Рычард Доўкінс).

Эвалюцыянізм, як слушна заўважае ўжо згаданы вышэй Карл Попер, хоць і не з’яўляецца сцісла навуковай тэорыяй (бо нефальсіфікавальная і пазбаўленая прагназавальнай моцы), то ўсё ж спрычыняецца да навуковага прагрэсу, бо генеруе масу эмпірычных тэорый і гіпотэзаў і надае агульны кірунак прыродазнаўчым даследніцкім праграмам.

Будучы часткай навуковага дыскурсу, яна застаецца адкрытай на розныя светапоглядныя інтэрпрэтацыі — як тэістычныя, так і атэістычныя. Эвалюцыянізм, насуперак дэмагагічным запэўненням Доўкінса, не імплікуе атэізму.

Тэорыя эвалюцыі — гэта ўсё ж (незалежна ад максімалісцкіх памкненняў Доўкінса і Бранча) толькі тэорыя. Яна мае фалібільны («памыляльны») характар, як і ўсякая іншая навуковая тэорыя. На дадзены момант яна, хутчэй за ўсё, найлепш сярод іншых магчымых тэорый тлумачыць з’явы ў біясферы, але мы не ведаем, які будзе яе лёс праз сто, дзвесце або пяцьсот гадоў.

І няма аніякай гарантыі, што ў нейкай больш або менш аддаленай будучыні тэорыю Дарвіна не спаткае лёс, які спаткаў іншыя тэорыі, якія ў свой час лічыліся непарушнымі і канчатковымі, напрыклад, тэорыя Пталамея ў астраноміі або тэорыя Арыстоцеля ў фізіцы. Інакш кажучы, тэорыя эвалюцыі не з’яўляецца канцом эвалюцыі навукі. Навука — гэта адкрытая сістэма, а яе гісторыя мае непрадказальны характар.

Пётр Рудкоўскі

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.