Пётр Рудкоўскі пра ўшанаванне Божай Маці |
Публіцыстычная старонка Пятра Рудкоўскага |
18.05.2009 16:28 |
Патрэба збірання і дарэння кветак Найчысцейшай Дзеве прысутнічае ўвесь час у пабожных і адкрытых на Божую ласку сэрцах. Найбольш частым і, бадай, адным з найпрыгажэйшых такіх «кветнікаў» ёсць «букет» прывітальна-ўшанавальных заклікаў да Марыі, вядомы пад назвай Літаніі Ларэтанскай. Кожнае з гэтых велічных прывітанняў сапраўды з'яўляецца своеасаблівай кветкай-жамчужынай, якая не толькі прыносіць радасць Марыі і спрычыняецца да Яе большай славы, але і ўяўляе сабою «акно ў містэрыю». Кожны малітоўны заклік Літаніі з Ларэтта — гэта плён глыбокай медытацыі, здольны прыадчыніць для нас нейкую часцінку той таямнічай рэчаіснасці, удзельніцай якой з'яўляецца Панна Марыя. Пры ўмове, зразумела, што мы не толькі спяваем яго, але і слухаем.
Сапраўды, гэтыя словы — годныя «канкурэнты» для тых кветак, якія бласлаўлёны Генрых насіў да падножжа Панны Марыі! Хараством і чысцінёй не ўступаюць, а зместам і таямнічасцю пераўзыходзяць.
Паэзія, багаслоўе і містыка адначасова.
Вежа... Так, гэта тая самая «Вежа», якая з'яўляецца ў Песні песняў Саламона:
Марыя — гэта перадусім вежа ў стратэгічным месцы вандроўнага Касцёла. Гэтым стратэгічным «месцам» ёсць вера. Вера, давер — гэта тое, што «пякельныя моцы» намагаюцца знішчыць у першую чаргу, бо менавіта вера-давер мацуе Касцёл і з'яўляецца стрыжнем яго евангельскага прапаведавання. Марыя ёсць абароннай вежай для Касцёла, бо калі з'яўляецца пагроза для веры, Яна сама асабіста з'яўляецца і змагаецца за аднаўленне веры ў Касцёле і свеце. Так было ў Ля Салет, Люрдзе, Фаціме, так ёсць у Меджугор'і, і так будзе, несумненна, заўсёды, калі вера будзе пад пагрозай. Марыя ёсць Давідавай вежай. Памятаю сваё здзіўленне, калі я ўпершыню даведаўся, што імя «Давід» з габрэйскай мовы перакладаецца як «узлюблены». Марыя ёсць вежай, якая належыць Узлюбленаму — Каралю каралёў, Валадару сусвету — Богу. Бог захацеў адарыць чалавека тым, што найбольш дарагое і каштоўнае, і даў нам Марыю ў якасці Маці і Заступніцы. Таямніца Яе сілы ў тым, што Яна з'яўляецца «поўнай ласкі». «Кecharitomene» — «Поўная Ласкі» — гэта своеасаблівае імя Марыі, бо менавіта так звярнуўся да Яе Архангел: «Вітай, Поўная Ласкі! Chaire, Kecharitomene!» Слова «kecharitomene» можна, дарэчы, перакладаць і інакш, бо яго корань «charis» можа значыць: ласка, прыгажосць, грацыя, веліч, любоў, радасць. Марыя ёсць поўнаю ласкі і прыгажосці, грацыі і велічы, любові і радасці, і як такая, Яна явіцца пякельным моцам як вежа, «мноствам шчытоў увешаная», абсалютна непрыступная і непераможная. Напрыканцы варта згадаць, што апроч Давідавай вежы існуе яшчэ іншая вежа — Бабілёнская. Бабілён — гэта апакаліптычны цэнтр хлусні і насілля, апора сіл, варожых саюзу Бога з чалавекам. Цягам гісторыі хрысціяне нярэдка паддаваліся спакусе атаясамліваць Бабілён з існуючымі імперыямі. Гэта праўда, што некаторыя рэжымы і палітычныя сістэмы могуць набываць амаль дэталёвае падабенства з апакаліптычным Бабілёнам, аднак тут трэба моцна падкрэсліць, што гэты Бабілён мае не палітычную, а духоўную прыроду: ён месціцца паўсюль там, дзе ёсць нянавісць, хлусня, распуста і гвалт. Бабілён — гэта радыкальны дэфіцыт ласкі, прыгажосці, радасці і любові, дэфіцыт, спароджаны бязвер'ем. Вежа Давідава, маліся за нас! Поўная ласкі, напаўняй нас верай да Бога-Айца, паяднай нас з Сынам, адкрый нас на Духа Святога! Амэн. Пётр Рудкоўскі і |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара:
|