Cэнс каранавання марыйных іконаў |
Публіцыстычная старонка Пятра Рудкоўскага |
16.07.2009 19:20 |
Напрыканцы чэрвеня і ў першай палове ліпеня беларускія дарогі і сцяжынкі напаўняюцца пілігрымамі-вернікамі, якія кіруюцца да святыняў-крыніц, месцаў, дзе Божая Любоў дае аб сабе знаць асаблівым чынам. Будслаў, Тракелі, Полацк, Браслаў, Гудагай — гэта толькі некалькі беларускіх асяродкаў духоўнай гравітацыі. А колькі іх ва ўсім свеце! Наблізіўшыся да жыватворнай крыніцы, мы можам пабачыць шэраг прыладаў-сродкаў, прадстаўленых нам для таго, каб як мага больш пачэрпнуць з крыніцы. А гэтай крыніцай ёсць ніхто іншы, а толькі Езус Хрыстус, Бог-Чалавек, Скала, з якой б'е вада жыцця (пар. Ян 3: 27; 1 Кар 10: 4). Існуе, аднак, небяспека, што мы ўсю сваю ўвагу скіруем на гэтыя прылады, а забудзем пра саму крыніцу. Адной з такіх «прыладаў» з'яўляецца звычай каранавання абразоў Маці Божай. Сёлета ў Беларусі ажно дзве марыйныя іконы атрымліваюць папскія кароны — Тракельская (5 ліпеня) і Браслаўская (ускладанне каронаў адбудзецца 22 жніўня). У мінулыя гады каранаваны былі абразы ў Будславе і Гудагаі. Звычай каранавання марыйных ікон усталяваўся ў 16–17 ст., гзн. у перыяд контррэфармацыі. У часе інтэнсіўнай дыскусіі з паслядоўнікамі Марціна Лютэра была, несумнена, патрэба падкрэсліць моцна і рашуча, што Марыя з'яўляецца Багародзіцай і таму яна найбольш поўна і глыбока спасцігла таямніцу Уцелаўлёнага Слова. А калі так, то яе роля ў гісторыі збаўлення пераўзыходзіць ролю любога іншага чалавека. Слушнае падкрэсліванне выключнай ролі Марыі ў гісторыі збаўлення можа мець, аднак, і свой «ценявы» бок. Калі такія падзеі, як паломніцтвы да марыйных санктуарыяў альбо каранацыі марыйных ікон не суправаджаюцца адпаведнай катэхезай, то могуць нарадзіць у вернікаў перакананне, што гэта Марыя, а не Хрыстус, з'яўляецца крыніцай збаўлення. Больш таго, можа нават замацавацца проціпастаўленне «міласэрнай Марыі-Маці» «разгневанаму Богу-Айцу» (дастаткова прыгадаць словы з папулярнай польскай песні «Serdeczna Matko»: Lecz kiedy Ojciec rozgniewany siecze, szczęśliwy, kto się do Matki uciecze — «Калі Айцец, разгневаны, сячэ, шчаслівы той, хто да Маці ўцячэ»). Яшчэ большай небяспекай ёсць ператварэнне матэрыяльнага абраза ў асноўны аб'ект пакланення. Няма нічога дрэннага ў тым, што хтосьці імкнецца дакрануцца альбо пацалаваць святую ікону. Наадварот, гэта можа быць (і думаю, найчасцей так бывае) актам сардэчнай малітвы, малітвы, у якую чалавек уключае орган дотыку. Бываюць, аднак, сітуацыі, калі даводзіцца сумнявацца ў тым, што такі дотык — акт малітвы. З прыкрасцю даводзілася назіраць, як сёлета ў Тракелях пасля асноўнай Імшы многія вернікі палічылі патрэбным «любой цаной» дакрануцца да каранаванага абраза. У выніку — штурханіна, узаемныя абразы, адмоўныя эмоцыі. Відавочна,што для многіх з іх ікона сталася самамэтай, аб'ектам, надзеленым боскімі прыметамі. А гэта ўжо нешта накшталт ідалапаклонства. Абраз — гэта своеасаблівы сімвал, і яго вартасць вынікае з таго, што яна скіроўвае нашу ўвагу на духоўную рэчаіснасць. І ўсе дзеянні з ім (працэсіі, каранаванні) маюць сімвалічнае значэнне. А сімвал губляе сваю першапачатковую функцыю, калі становіцца «рэччу-ў-сабе», г.зн. калі ўся ўвага (альбо большая яе частка) кіруецца на дадзены матэрыяльны аб'ект, а не рэчаіснасць, на якую ён указвае. Тое ж самае датычыцца і актаў ушанавання. Тут, думаю, да месца будзе звярнуць увагу на выказванні, якія выкарыстоўваецца ў катэхезах і пропаведзях. Н.п. ускладваючы кароны на ікону, мы не «карануем Марыю», а толькі пры дапамозе гэтага сімвалічнага акту узгадваем яе духоўнае каранаванне ў нябёсах. Калі мы прымаем ікону ў свае сем'і альбо парафіі, то прыгадваем яе пастаянную прысутнасць сярод нас у якасці Маці Бога і Маці Касцёла, аднак «вандраванне іконы» — гэта далёка не тое самае, што «вандраванне Марыі». Думаю, варта быць больш асцярожнымі пры выкарыстоўванні метафараў, дзе акты выкананыя на іконе, прэзентуюцца як акты выкананыя на самой Марыі. Галоўнае, аднак, памятаць, што Марыя ёсць «поўнаю ласкі», аднак яна не з'яўляецца крыніцай збаўчых ласкаў, з'яўляецца Багародзіцай, але не Богам, «святыняй Духа Святога», але не Духам Святым. Супрацьпастаўленне «міласэрнай Марыі» «разгневанаму Айцу» з'яўляецца фатальным тэалагічным непаразуменнем, бо ўся любоў і міласэрнасць, якая ўласціва Марыі, бярэ пачатак менавіта ў сэрцы Бога-Айца. Гэта Бог-Айцец з'яўляецца крыніцай усякіх ласкаў, Бог-Сын з'яўляецце адзіным Пасрэднікам у паяднанні з Айцом (пар. Дз 2: 12; 1 Цім 2: 5), а натхняльнікам і правадніком у гэтым паяднанні ёсць Дух Святы. Важна, каб такія рэлігійныя падзеі, як каранаванне іконаў Марыі, скіроўвалі ўвагу і сэрцы да самога Бога ў Тройцы. Пётр Рудкоўскі |
tt Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара:
|