Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ці патрэбны сёння аскетызм?
Духоўнае жыццё. Старонка а. Віталія Сапегі OP
07.11.2013 09:04

Напэўна, кожны хрысціянін чуў такое слова, як аскетызм. Але калі і чуў, то ці ўяўляе сабе добра, які сэнс хаваецца за гэтым словам? У кагосьці з нас гэтае слова можа атаясамлівацца з такімі вобразамі, як валасяніца з конскага воласу, жалезныя ланцугі, бічаванне (дарэчы, гэты тып аскетычнага практыкавання ўжываўся яшчэ да Другога Ватыканскага сабору), начныя малітоўныя чуванні, абмежаванне ў ежы, пітве альбо цяпле (хто чытаў біяграфію Айца Піо, ведае, праз якія цяжкія выпрабаванні трэба было прайсці святому ў пачатку свайго манаскага жыцця).

Варта ўзгадаць, што ўжо на самым пачатку існавання манаскага жыцця немагчыма было ўявіць сабе гэтага новага спосабу жыцця дзеля Хрыста без ужывання розных аскетычных практык. Некаторыя з першых манахаў свае келлі ўладкоўвалі ў скальных пячорах, напрыклад, на Гары спакусаў у Іўдзейскай пустыні, некаторыя ў пячорах зямельных, як, напрыклад, добра нам вядомая Кіева-Пячорская лаўра, іншыя манахі сяліліся на камянях-слупах, знаходзячыся тым самым увесь час пад адкрытым небам, а хтосьці нават, з дазволу настаяцеля, быў літаральна замураваны ў кляштарных сценах. Не трэба, можа, тут распісваць, якія суровыя пасты і пакуты прымянялі яны на працягу свайго манаскага жыцця. Для нас, сучасных людзей, гэта гучыць як штосьці незвычайнае і мала падобнае да праўды. А калі гэта і праўда, то выглядае вельмі жудаснай і дзікай. Так, для нас, больш цывілізаваных людзей, гэта здаецца чымсьці жудасным і непрымальным, але варта ўсё ж такі не асуджаць гісторыі, але браць пад увагу ўвесь тагачасны кантэкст.

Трэба заўважыць, што ў іншых рэлігіях таксама прысутнічаюць своеасаблівыя аскетычныя элементы. Немагчыма, напрыклад, у будызме дасягнуць стану асвятлення і вызвалення без адмысловых трэніровак. Аскетычныя практыкаванні прысутнічаюць і ў ісламе. У кальвінізме само жыццё вызначалася строгімі аскетычнымі прынцыпамі - без забаваў, танцаў, музыкі. Аскетызм практыкаваўся і сярод іўдзеяў. Некаторыя з даследчыкаў, напрыклад, сцвярджаюць, што Ян Хрысціцель, на самой справе належаў да секты эсеяў, для якіх аскетычныя трэніроўкі былі штодзённай нормай.

Само слова “аскеза” мае грэчаскія карані (askesis) і перакладаецца як практыкаванне, трэніроўка. Сэнс у тым, што дзякуючы пэўным фізічным і духоўным намаганням чалавек з часам умацоўваў сваё цела, дух, волю, адварочваўся ад сваіх грэшных схільнасцяў, набліжаючыся тым самым да Бога. Некаторыя з духоўных кіраўнікоў вучаць, што пасля добра дастасаваных аскетычных трэніровак пачынаецца новы этап у жыцці веруючага, этап містычнага жыцця, калі чалавек уваходзіць у больш цесны кантакт з Богам.  

Калі аскетызм грае такую важную ролю ў жыцці хрысціяніна, чаму гэтая такая важная практыка пачынае, здаецца, як дыназаўры, пакрысе выміраць? Павел Еўдакімаў, праваслаўны тэолаг, лічыць, што тыя метады аскетычнага практыкавання, якія ўжывалі нашы папярэднікі-хрысціяне, нам, сучасным, больш залежным ад цывілізацыі людзям ужо не зусім адпавядаюць. Аналізуючы сённяшні свет, Павел Еўдакімаў прапануе перадусім узяць пад увагу кіпучасць чалавечага штодзённага жыцця, у якім вельмі шмат мітусні, спешнасці, гоману. Варта таксама не забывацца пра сродкі, якія з усіх бакоў атакуюць чалавечы мозг, — паўсюдна акружаючая нас рэклама, тэлебачанне, інтэрнэт, сотавыя тэлефоны, гарадскі транспарт. Таму ўжо сучаснай аскетычнай практыкай для Паўла Еўдакімава была б здольнасць для чалавека вырывацца са звышактыўнасці жыцця і знаходзіць час для цішыні, асабістай малітвы, разважання над Божым словам альбо праўдамі веры, а таксама знайсці час на сустрэчу з іншым чалавекам. На мой погляд, сённяшняй аскетычнай практыкай таксама было б сумленнае, згодна са сваім пакліканнем, выкананне сваіх штодзённых абавязкаў. А клопат пра адпачынак, крэатыўны і творчы, які хоць і не назавеш аскетычнай практыкай, павінен стаць сродкам, каб уводзіць пэўную раўнавагу ў нашае штодзённае жыццё.          

Таму, як бачым, аскетызм па-ранейшаму мае сваю вагу ў духоўным жыцці, а тэрапія маўчання, малітвы, добрага адпачынку спрыяе атмасферы любові і добрасумленнага хрысціянскага жыцця ў сённяшнім такім неспакойным свеце.

А. Віталій Сапега OP

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: witalias@gazeta.pl

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.