Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрыстус учора, цяпер і заўсёды
Духоўнае жыццё. Старонка а. Віталія Сапегі OP
02.04.2013 11:29

Напэўна, большасць з вернікаў каталіцкага веравызнання заўважыла, што ў час Адвэнту (трэцяя нядзеля) і Вялікага посту (чацвёртая) святар, які цэлебруе св. Імшу, апранае арнат ружовага колеру. У Адвэнце гэтая нядзеля называецца gaudere (лац. радавацца), а ў Вялікім посце laetare (асвятляць, прасвятляць). І гэта не проста так.

Усё, што адбываецца ў літургічным служэнні, як спеў, жэсты альбо колер, мае свае асаблівую сімволіку і значэнне. І гэтая сімволіка павінна прамаўляць да нас, як калісьці прамаўляла да нашых продкаў. Божая рэчаіснасць адкрываецца нам таксама праз знакі і сімвалы.

Але вернемся да колеру. Які ўсё ж такі сэнс ружовага колеру? Па-першае, гэты колер нагадвае нам аб світанні, гэта значыць, што святы ўжо не за гарамі. Па-другое, кажа нам аб тым, што нават калі мы знаходзімся ў часе посту, у часе пакуты і засяроджання, то, нягледзячы на гэты асаблівы час, варта ўсё ж такі не губляць унутраную радасць, якая выплывае з падзеі нашага адкуплення. Езус уваскрос, перамагаючы тым самым пекла, смерць і нашую чалавечую абмежаванасць і адчай. Хаця мы і знаходзімся на зямлі, месцы барацьбы і змаганняў (змаганняў перадусім з самім сабою), месцы, дзе сустракаем шмат несправядлівасці і цярпенняў, — але гэта таксама месца, дзе Бог аб’явіў сваю моц і канчаткова паказаў, што ў гісторыі сусвету Ён апошні ставіць кропку. Менавіта Божым Словам не толькі створана ўсё жывое і нежывое, але ізноў жа Бог пакідае за сабой сваё апошняе Слова: «Я ёсць Альфа і Амега, першы і апошні» (Ап 1, 10).

Таму хрысціянін павінен быць носьбітам надзеі. Надзея з’яўляецца важным элементам у жыцці чалавека. Надзея дае імпэт да жыцця, да дасягнення пэўных вынікаў. Чалавек шмат чаго дасягае, калі мае да чаго імкнуцца, на што спадзявацца. Амаль кожны ўрач добра ведае аб тым, што пацыент значна хутчэй вяртаецца да здароўя, калі мае моцную надзею на сваё аздараўленне. Толькі надзея павінна быць закаранёна ў чымсьці больш важным, грунтоўным і вечным, гэта значыць у самім Богу.

Надзея, разам з верай і любоўю, з’яўляецца цнотай тэалагальнай, цнотай, якая выходзіць ад Бога і да Бога скіроўвае. Усе гэтыя Божыя цноты маюць паміж сабою моцную сувязь. Там, дзе ёсць моцная вера ў Бога (інакш давер Богу), якая пачынаецца з асабістага кантакту са Стварыцелем, які ў сваю чаргу накіроўвае наш позірк на бліжняга (цнота любові), там нараджаецца таксама непахісная надзея. Таму ў жыцці хрысціяніна няма безвыходных сітуацый, а там, дзе ёсць надзея, не павінна быць месца для адчаю. Хрысціянская надзея перадусім ёсць надзеяй тады, калі, здаецца, з чалавечага пункту гледжання ўжо няма ніякай надзеі. Надзеяй веруючага чалавека з’яўляецца сам Бог, які адорвае нас жыццём вечным.

Яшчэ зусім нядаўна каталіцкія святыні будавалі з апсідай (алтарнай часткай), накіраванай на ўсход. Гэта нездарма рабілася нашымі продкамі. Такім чынам яны спрабавалі накіраваць зрок хрысціяніна ў кірунку ўсходу сонца, прыпамінаючы тым самым, што пасля ночы заўсёды надыходзіць дзень. А сонца, як вядома, сімвалізуе Езуса Хрыста, які ёсць сапраўдным Сонцам, якое не заходзіць і таму з’яўляецца нашай непахіснай надзеяй. Толькі Езус, Сонца справядлівасці, асвятляе цемру чалавечага сэрца (варта ўспомніць літургію Пасхальнай вігіліі) і вядзе да вечнага жыцця. Таму кожнае імгненне нашага існавання, нават у час посту, павінна быць асветлена пасхальнай таямніцай. Хрыстус — пераможца, надзея нашага збаўлення. Ён быў учора, ёсць сёння і будзе заўсёды. Ён ёсць вечна.  

А. Віталій Сапега ОР

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: witalias@gazeta.pl

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.