Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сучасныя «залатыя цяляты»
Духоўнае жыццё. Старонка а. Віталія Сапегі OP
27.02.2015 00:00

Калісьці пробашчу ў адным касцёле ў Заходняй Еўропе, якому было ўжо далёка за семдзесят і які, вядома, меў велізарны жыццёвы і духоўны досвед, задалі пытанне: чаму на сённяшні дзень так зменшылася лічба вернікаў у яго парафіі? Тым больш што гаспадарчая сітуацыя ў гарадку, у якім знаходзілася парафія, была някепская, так што там не было нейкіх дэмаграфічных праблем. На гэта святар адказаў, што, на яго думку, сучасны чалавек стварыў сёння свой штучны свет, насуперак Божаму, і гэтаму штучнаму свету стаў пакланяцца.

Калі скарыстацца біблійнай мовай, то чалавек, па словах гэтага святара, стварыў чарговае «залатое цяля». Адным словам, для чалавецтва заўсёды застаецца пагроза стварэння ідала. «Залатое цяля», якое зрабіў абраны народ пад гарой Сінай у сваёй вандроўцы па пустыні — гэта не толькі ідал, які сімвалізуе пакланенне грошам. Хаця святы Павел у Першым пасланні да Цімафея і піша, што хцівасць з’яўляецца прычынай усялякага зла і непарадку ў свеце, але усё ж такі «залатое цяля» можна наогул разглядаць значна шырэй — як сімвал ідалапаклонніцтва, усяго таго, што адрывае нас ад Бога, што стварае нейкую ілюзію самазадаволенасці і самадастатковасці. Нездарма першая сінайская запаведзь гучыць: «Не май іншых багоў (ідалаў) апроч Мяне». Ёсць ідалы «старыя», як свет, але з’яўляюцца і новыя, сучасныя ідалы. Прапаную разгледзець некаторых з іх.

Магчыма, першы ідал — гэта празмернае засяроджанне сённяшніх людзей на сваім здароўі.

 

Колькі з’явілася розных дыет, колькі народных лекараў і магаў, якія на сучасным рынку прапануюць свае паслугі. Ёсць попыт, ствараюцца таксама і прапановы. Здаецца, чалавек, каб ратаваць сваё здароўе, гатовы ісці на самыя крайнія меры. Ён не задумваецца тым самым аб пагрозах для цела і духу. Паралельна ўсё больш і больш пачынае развівацца так званы «культ цела». Канешне, гэта таксама вынікі сучаснай цывілізацыі. Калі ты малады, здаровы — у табе ёсць патрэба; калі захварэў або пастарэў, то «да пабачэння», твае праблемы. Цэніцца выключна прадукцыйнасць. (Цікава, што ў іншых культурах, напрыклад, індыйскай альбо арабскай, старэйшы чалавек у грамадстве карыстаецца найбольшай павагай, да яго прыслухоўваюцца.)   

Канешне, добра, калі чалавек, які створаны Богам, клапоціцца аб сваім здароўі.  І грахом з’яўляецца тое, калі ён знішчае яго праз неадпаведны рэжым, кепскае харчаванне альбо розныя залежнасці: псіхалагічныя альбо біялагічныя. Але нашае цела, якое ёсць дарам і ў якім жыве Дух Божы, не можа быць прадметам пакланення. Менавіта адарванне ад Бога агаляе шматлікія страхі і непакой, так, што мы баімся старэць, баімся годна хварэць, усялякімі спосабамі адсоўваем думку аб смерці. Але «культ цела» праяўляецца не толькі ў празмерным клопаце аб ім, але і ў геданічным стаўленні да яго. Цела тады становіцца выключна сродкам для дасягнення прыемнасцяў і задавальненняў.

Наступным вельмі небяспечным сучасным «залатым цялём» з’яўляецца ўсё большае падпарадкаванне чалавецтва цывілізацыі.

 

Урачы ўсклікаюць аб тым, што большасць цывілізацыйных хваробаў з’яўляецца не толькі ад дрэннага харчавання і кепскай экалогіі, але і ад маларухомага жыцця. Сёння чалавек мае ўсё амаль на адлегласці «выцягнутай рукі». Вельмі часта па прычыне такога цывілізаванага жыцця сучасны чалавек ўсё больш губляе кантакт з прыродай. А кантакт з прыродай — гэта заўсёды ў нейкім сэнсе і кантакт са Створцам. Некаторыя дзеці зараз нават не ведаюць, адкуль бярэцца малако, як растуць ягады. Часам у жыццёвай мітусні людзі не ў стане спыніцца і  захапіцца тым, як квітнеюць сады, як заходзіць сонейка. Яны могуць захапляцца новай машынай, нейкім сучасным брэндам і не бачыць цуд самога жыцця. Таму нездарма сёння ў свеце набываюць распаўсюджанне так званыя экалагічныя секты. Сектанты, выкарыстоўваючы тугу чалавека па прыродзе, прапануюць яму жыць у чыстым асяроддзі, дыхаць чыстым паветрам, захапляцца прыродай — выкарыстоўваючы пры гэтым яго фінансавыя і жыццёвыя рэсурсы.  

І апошняе «залатое цяля» — гэта ідэалогія «спажыўца».

 

Яна пераконвае чалавека ў тым, што ён на самой справе шмат чаго патрабуе для нармальнага жыцця — хопіць толькі паглядзець на паўсюдныя рэкламы ў тэлебачанні, на вуліцы або пайсці ў гіпермаркет. Усе і розным чынам спрабуюць пераканаць нас, што гэтая рэч нам неабходная, што без яе мы будзем нейкія непаўнавартасныя. Людзей пачынаюць дзяліць на касты ў залежнасці ад таго, маюць яны нейкую рэч ці не. Цікава, што ўсё часцей сустракаюцца так званыя «разумныя» рэчы. Пачынаецца ачалавечванне прадметаў. Сучасны чалавек, паддаючыся гэтай ідэалогіі, становіцца неўзабаве яе нявольнікам, жыве, каб зарабляць і купляць, зарабляць і купляць…

Канешне, каб распазнаваць ідалы, супрацьстаяць ім, трэба быць з Богам. Дарэчы, Пан і імкнецца да таго, каб разбіваць розныя ідалы, якія хочуць заняць Яго месца. Створца жадае, каб мы ў сваім жыцці ставілі Яго на першае месца. А калі Ён будзе на першым, то і ўсё іншае будзе на сваім.

А. Віталій Сапега ОР

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: witalias@gazeta.pl

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.