Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Езус кажа пра тры дні і тры ночы, у той час як у грабніцы Ён быў толькі дзве ночы?
Цяжкія старонкі Святога Пісання
03.12.2016 07:15

Андрэй з Пастаў цікавіцца, чаму ў Евангеллі ад Мацвея (Мц 12, 40) Езус кажа пра тры дні і тры ночы, у той час як у грабніцы Ён быў толькі дзве ночы?

Тэкст Мацвея пра «тры дні і тры ночы» для хрысціян, якія ў Вялікую пятніцу ўспамінаюць муку і смерць Езуса Хрыста, а ў Велікодную нядзелю Яго Змёртвыхпаўстанне, сапраўды з’яўляецца свайго роду выклікам: ці памыліўся Мацвей, запісваючы словы Хрыста (бо хрысціянская Традыцыя кажа пра дзве ночы ў грабніцы), ці, можа, евангеліст уклаў нейкі спецыяльна задуманы сэнс, каб такім чынам данесці слухачу не столькі гістарычную, колькі духоўную праўду?

Пры пошуку адказа на дадзенае пытанне запрашаю паглядзець на некаторыя асаблівасці гэтага біблейскага тэксту «Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы» (Мц 12, 40).

Гэты тэкст евангеліста Мацвея з’яўляецца даслоўнай цытатай з Кнігі прарока Ёны 2, 1. Таму чытач запрашаецца да адкрыцця т.зв. тыпалагічнай паралелі.
Што гэта такое? Біблію можна чытаць з рознымі падыходамі да натхнёнага тэксту. А менавіта: 1) гістарычны ці даслоўны; 2) алегарычны ці тыпалагічны; 3) тапалагічны ці этычны; 4) аналагічны ці містычны.

Дык вось, тыпалагічны сэнс бачыць у тэксце свайго роду код ці шыфр, а тлумачэнне яго — гэта расшыфроўка. Іншымі словамі, гэта прадмет і яго цень. У дадзеным выпадку прадметам будзе прабыванне Хрыста ў грабніцы і Яго ўваскрасенне, а ценем — гісторыя пра прабыванне Ёны ў чэраве кіта. Спачатку чытача трымаў «шыфр» у тэксце пра Ёну, а пазней з прыходам Езуса стала вядома тлумачэнне ролі гэтай загадкавай гісторыі.

Цытуючы даслоўна грэчаскае тлумачэнне (Ён 2, 1) у адказе Езуса вучоным у Пісанні і фарысеям пра знакі, Мацвей тым самым дае зразумець сэнс гісторыі прарока Ёны — гэта, паводле евангеліста, правобраз мукі і ўваскрасення Хрыста.

Адсюль таксама вынікае, што працягласць часу ў «тры дні і тры ночы» было не столькі дакладным указаннем на тэрмін прабывання ў грабніцы, колькі адкрыццём сэнсу «знаку Ёны». Акрамя гэтага адрасатамі Евангелля паводле Мацвея былі габрэі-хрысціяне, якія ведалі дасканала Стары Запавет і для якіх важна было паказаць выкананне спрадвечных Божых планаў у асобе Езуса з Назарэта.

Адносна ж канцэпцыі часу ў тагачаснага габрэйскага чытача Бібліі быў іншы падыход, чым у нас. Мы лічым у сутках роўна 24 гадзіны. У семіцкай культуры, у адрозненні ад нашага педантычнага падліку, да часу адносіліся вельмі эластычна — людзі, інакш кажучы, час мелі, а мы час лічым.

Ксёндз Валерый Марціноўскі

Ксёндз Валерый Марціноўскі святар Віцебскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript , пазначыўшы ў тэме ліста «Цяжкія старонкі Бібліі».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Цяжкія старонкі Святога Пісання

23.06 12:40Цяжкія старонкі Святога Пісання: Айцом называйце толькі Бога
24.05 16:24Правіны ці грахі: што маецца на ўвазе пад словамі «...і адпусці нам правіны нашыя» ў малітве «Ойча наш»?
07.05 07:28Цяжкія старонкі Святога Пісання: па-габрэйску ці па-грэчаску чытаў Езус у сінагозе ў Назарэце?
05.04 11:39Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Бог ахвяру ад Абэля прыняў, а ад Каіна — не?
25.03 09:56Цяжкія старонкі Святога Пісання: у чым розніца «народа ізраэльскага» ад «народа габрэйскага»?
10.03 12:35Цяжкія старонкі Святога Пісання: хто і калі павінен пакрываць галаву ў Касцёле?
03.03 09:00Цяжкія старонкі Святога Пісання: калі прыйдзе Валадарства Божае?
30.01 14:51Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Бог рабіў жорсткім сэрца фараона?
21.01 11:00Цяжкія старонкі Святога Пісання: грэх супраць Духа Святога не будзе адпушчаны ні ў гэтым веку, ні ў будучым?
17.01 08:54Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму, калі жаніх спазняўся, то паснулі ўсе — і мудрыя, і неразумныя?