Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цяжкія старонкі Святога Пісання: у чым розніца «народа ізраэльскага» ад «народа габрэйскага»?
Цяжкія старонкі Святога Пісання
25.03.2017 09:56

Аляксандр задае наступнае пытанне: «У Бібліі сустракаюцца выразы “народ ізраэльскі” і “народ габрэйскі”. У чым іх розніца?»

Сапраўды, чытаючы Святое Пісанне, а асабліва Стары Запавет, можна сустрэць два тэрміны: народ Ізраэля (даслоўна — «сыны Ізраэлевы») і народ габрэйскі («габрэі). 

У навуковай літаратуры існуе некалькі розных гіпотэз адносна паходжання слова «габрэй», але ў Бібліі, незалежна ад этымалогіі гэты тэрмін азначае асобную этнічную групу або нацыю і напачатку прымяняўся ў адносінах да ізраэльцянаў, каб адрозніць іх ад іншых культур і народаў старажытнага Блізкага Усходу.

Часам гэты тэрмін выкарыстоўвалі «чужаземцы», спачатку егіпцяне. Напрыклад, так называе Юзафа (сын Якуба) жонка Патыфара (пар. Быц 39, 14-17), галоўны віначэрп (пар. Быц 41, 12), Фараон (пар. Зых 1, 15-16).

Выраз «габрэйскі» выкарыстоўваецца таксама дачка фараона, якая называе Майсея «габрэйскім дзіцём» (пар. Зых 2, 6) і кліча «габрэйку» ў карміліцы (пар. Зых 2, 7). Затым «габрэямі» называюць народ Ізраэля філістымляне, пра што можна прачытаць у Першай кнізе Самуэля (4, 5-9; 14, 11; 29, 3).

У другіх выпадках самі ізраэльцяне перад іншымі народамі называюць сябе габрэямі. Так Юзаф у размове з фараонам сваю Радзіму называе «зямлёю габрэяў» (пар. Быц 40, 15), тым самым атаясамліваючы сябе з габрэямі.



Майсей перад фараонам спасылаецца на «Пана, Бога габрэяў» (пар. Зых 3, 18; 5, 3; 7, 16; 9, 1), таксама Ёна перад экіпажам замежнага судна называе сябе габрэем (пар. Ён 1, 9). А той факт, што Ёна дадаў: «…і баюся Пана, Бога Нябеснага, які стварыў мора і сушу», даказвае, што этнічны тэрмін, які ён выкарыстаў, адносіцца да «сыноў Ізраэлевых», г.зн. народа Ізраэля.

Такая ж традыцыя захавалася і ў тэкстах другакананічных кніг, дзе слова «габрэі» выкарыстоўваюць у значэнні «іншаземцы» (пар. Юдт 12, 11; 14, 18); юдэі, кажучы пра неюдэяў, называлі сябе «габрэямі» (пар. Юдт 10, 12; 2 Мак 7, 31); або з мэтай адрозніць габрэяў ад іншаземцаў (пар. 2 Мак 11, 13; 15, 37).

Што датычыць Новага Запавету, тэрмін «габрэі» адносіцца да хрысціянаў юдэйскага паходжання, якія захавалі сувязь са сваёй юдэйскай спадчынай, а таксама з арамейскай мовай або іўрытам.

Дзеі Апосталаў супрацьпастаўляюць габрэяў эліністам (Дз 6, 1), магчыма, габрэйскім хрысціянам, якія былі лепш падрыхтаваны да эліністычнай культуры, размаўлялі па-грэчаску і пераймалі некаторыя грэчаскія звычаі.

Павел, народжаны ў Тарсе, з гонарам кажа пра сябе «габрэй ад габрэяў» (Флп 3, 5; пар. 2 Кар 11, 22; Дз 22, 2-3), падкрэсліваючы гэтым сваё габрэйскае паходжанне.

Падводзячы вынік, можна сказаць, што тэрмін «габрэі», «народ габрэйскі» было этнічным паняццем, якое выкарыстоўвалася ў дачыненні да ранніх ізраэльцянаў (г.зн. наступнікаў Якуба, унука Абрагама) да з’яўлення ў эпоху манархіі сацыяпалітычнага тэрміна «Ізраэль» або Ізраэльскае царства.

Да распаду ў Х ст. да н.э. адзінай дзяржавы Давіда на два валадарствы Паўночна-Ізраэльскае і Юдэйскае (у часы праўлення Рабаама і Ерабаама І) тэрмін «сыны Ізраэлевы» («народ Ізраэля» або «ізраэльцяне») выкарыстоўваўся ў дачыненні да кожнага габрэя. Затым тэрмін звузіўся да Паўночнага Ізраэльскага царства, створанага дзесяццю каленамі Ізраэлевымі.

Аднак пасля падзення Самарыі ў 722 годзе н.э. так называлі жыхароў Юдэйскага валадарства (пар. Іс 41, 14; Ер 10, 1), а пазней тых, хто вяртаўся з бабілёнскага палону (пар. Езд 9, 1; Нм 9, 1).

З цягам часу тэрмін Ізраэль пачынае прымаць духоўную афарбоўку і яго выкарыстоўваюць з мэтай адрознення духоўных нашчадкаў Абрагама ад «натуральнага» габрэйскага народа (Рым 9, 6).
Таццяна Лахміцкая
Таццяна Лахміцкая паходзіць з брэсцкай парафіі Узвышэння Святога Крыжа (Пінскай дыяцэзія), магістр ліцэнцыянт тэалогіі, дактарантка Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Цяжкія старонкі Святога Пісання

23.06 12:40Цяжкія старонкі Святога Пісання: Айцом называйце толькі Бога
24.05 16:24Правіны ці грахі: што маецца на ўвазе пад словамі «...і адпусці нам правіны нашыя» ў малітве «Ойча наш»?
07.05 07:28Цяжкія старонкі Святога Пісання: па-габрэйску ці па-грэчаску чытаў Езус у сінагозе ў Назарэце?
05.04 11:39Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Бог ахвяру ад Абэля прыняў, а ад Каіна — не?
25.03 09:56Цяжкія старонкі Святога Пісання: у чым розніца «народа ізраэльскага» ад «народа габрэйскага»?
10.03 12:35Цяжкія старонкі Святога Пісання: хто і калі павінен пакрываць галаву ў Касцёле?
03.03 09:00Цяжкія старонкі Святога Пісання: калі прыйдзе Валадарства Божае?
30.01 14:51Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Бог рабіў жорсткім сэрца фараона?
21.01 11:00Цяжкія старонкі Святога Пісання: грэх супраць Духа Святога не будзе адпушчаны ні ў гэтым веку, ні ў будучым?
17.01 08:54Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму, калі жаніх спазняўся, то паснулі ўсе — і мудрыя, і неразумныя?