Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Бог рабіў жорсткім сэрца фараона? |
Цяжкія старонкі Святога Пісання |
30.01.2017 14:51 |
Парафіянка мінскага Чырвонага касцёла Святлана цікавіцца наступным момантам: чаму, калі Майсей быў абраны вывесці народ з рабства, Бог увесь час рабіў жорсткім сэрца фараона? (напр., Кніга Зыходу, Глава 14, верш 4). Ці можна было вызваліць народ ад такіх цяжкіх бедаў і смерці дзяцей?
Спачатку хачу звярнуць увагу на тое, як цяжка, чытаючы Біблію, а часам здаецца, што і немагчыма, адказаць на пытанне «Ці не мог Бог нешта зрабіць інакш, чым гэта напісана ў Святым Пісанні?». Варта памятаць, што на старонках Бібліі мы не сустракаемся з сухім, гістарычным апісаннем той ці іншай падзеі з гісторыі выбранага народу, але са словам самога Бога, «думкі якога не з’яўляюцца думкамі нашымі. Сапраўды, вельмі таямніча і загадкава гучаць словы аб тым, што Бог учыніў цвёрдым сэрца фараона. Што разумеў натхнёны аўтар, калі пісаў гэтыя словы? Вельмі прыгожы і ясны адказ дае на гэтае пытанне вядомы хрысціянскі пісьменнік Арыген. Калі сапраўды Пан Бог учыніў цвёрдым сэрца фараона, то можа ўзнікнуць думка, што прычына граху егіпецкага кіраўніка не залежыць ад яго самога, а гэта азначае, што ён у гэтым граху не вінаваты. Прычынай, аднак, цвёрдасці сэрца фараона была самалюбівая, самаўпэўненая, ганарыстая натура гэтага чалавека. Той жа, хто не ўсведамляе асабістай слабасці і не заўважае Божай ласкі, нават калі і пазнае дабрыню Бога, будзе перакананы, што дар ласкі — гэта яго асабістае дасягненне. Такая самаўпэўненасць спараджае пыху і становіцца прычынай «цвёрдасці сэрца», як і здарылася ў выпадку з фараонам.
Таксама варта звярнуць увагу на тое, што ў біблейскіх тэкстах адлюстроўваецца ментальнасць тагачасных людзей, згодна з якой усё падпарадкоўваецца Божаму плану, нават нявер'е людзей. Праз тое, што «Бог учыніў цвёрдым сэрца фараона», натхнёны аўтар паказвае, што ўсе далейшыя падзеі не з’яўляюцца хаатычнымі, а здзяйсняюцца згодна з Божым планам збаўлення. Напрыканцы хацеў бы прывесці трохі просты, але цікавы прыклад. Нядаўна я стаў сведкам таго, як дабрыня і шчырасць аднаго старэйшага святара стала прычынай злосці пэўнага маладога чалавека. Чаму? Таму што гэты чалавек так быў упэўнены у тым, што усе людзі злыя, што дабрыня іншых выклікала ў яго злосць. Бог спасылае ласку кожнаму чалавеку, але ўпартасць у адносінах да Бога чыніць нас цвёрдымі. f Кс. Дзмітрый Леўчык — святар Гродзенскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ. Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі». |