Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Правіны ці грахі: што маецца на ўвазе пад словамі «...і адпусці нам правіны нашыя» ў малітве «Ойча наш»?
Цяжкія старонкі Святога Пісання
24.05.2017 16:24

Яраслаў з Мінска задае пытанне: «Што маецца на ўвазе пад просьбай “і адпусці нам правіны нашыя” ў малітве “Ойча наш”, бо на розных мовах у гэтай малітве просяць аб адпушчэнні грахоў, правінаў, даўгоў. Што азначала гэтае слова ў арыгінале?»

Напачатку варта адзначыць, што ўвогуле пераклад Святога Пісання на сучасныя мовы не з’яўляецца простай справай. Кожная мова развіваецца. Арыгінальныя біблейскія мовы — габрэйская, арамейская і дыялект грэчаскай мовы (койнэ), — не выключэнне. Сёння на іх ніхто не размаўляе.

Калі ж возьмем пад увагу і той факт, што гэтыя тэксты паўставалі на працягу вякоў у розных асяроддзях, то можам уявіць, з якім слоўным багаццем і граматычнымі формамі маем справу. Нельга абмінуць і прысутнасць канкрэтных тэрмінаў і моўных формаў, якія ўласцівы для аўтара натхнёнага тэксту, яны ж дапамагаюць зразумець тэалагічны напрамак і не згубіць сэнс пры перакладзе.

Таксама нельга забываць пра розныя спецыфічныя рысы, якія належаць нейкай выключна адной мове (напрыклад, можам уявіць чалавека, які хоча сказаць штосьці на замежнай мове, а потым прыходзіць да высновы, што даслоўна гэты выраз не перакладзеш).



Нярэдка здараецца так, што зразумець значэнне таго ці іншага слова, ужытага ў арыгінальным тэксце, можна толькі беручы пад увагу кантэкст або параўноваючы яго з іншым фрагментам, у якім ужыта гэтае слова.
Для таго, каб перадаць тэалагічны сэнс тэксту дакладна, перакладчык павінен улічваць і гістарычны кантэкст фрагменту. Напрыклад, у выпадку з апостальскімі пасланнямі — гэта супольнасць, якой гэтае пасланне адрасавана, яе гісторыя і перажываныя праблемы. Таму адказнасць за пераклад кожнай кнігі Святога Пісання — гэта задача бібліста, а не лінгвіста.

Што датычыць малітвы «Ойча наш», то падставай да нашага разважання будзе ўрывак Евангелля паводле Мацвея (Мц 6,12): грэчаскае слова ἄφες (тр. афэс), з якім мы сустракаемся ў гэтым тэксце, паходзіць ад слова ἀφίημι (тр. афіэмі), а яно ў сваю чаргу мае некалькі значэнняў, з якіх нас найбольш цікавіла б «адпускаць» і «прабачаць».

Так звяртаецца Пан Езус да Бога Айца, калі, паміраючы на крыжы, просіць прабачыць сваім забойцам (Лк 23, 34). Гэтае ж слова ўжытае ў Евангеллі, калі апостал Пётр пытаецца ў Езуса; колькі разоў ён павінен прабачыць брату, які саграшыў супраць яго (пар. Мц 18, 21). 

У сваю чаргу слова ὀφείλημα (тр. офэйлема, ужытае у тэксце у мн.л.) часцей ужываецца ў Бібліі ў значэнні «доўгу» ці «абавязку». Гэтае слова мае, аднак, таксама значэнне маральнага злачынства. Для параўнання можам звярнуць увагу на тое, што св. Лука ў паралельным фрагменце ўжывае слова ἁμαρτία (тр. хамарція) (пар. Лк 11, 4), якое перакладаецца як «грэх», «правіна» ці «памылка». Такім чынам, дапушчальна і «віна/правіна» і «доўг».


Бібліст, які перакладае Святое Пісанне, павінен звяртаць увагу таксама на спецыфічнасць мовы, на якую перакладае, і на тое, якое значэнне гэтага слова будзе больш блізкае і зразумелае чытачу, які карыстаецца гэтай мовай, і пры неабходнасці — растлумачыць, чаму менавіта гэтае значэнне было ўзята для перакладу.

Кс. Дзмітрый Леўчык

а Кс. Дзмітрый Леўчык — святар Гродзенскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Цяжкія старонкі Святога Пісання

23.06 12:40Цяжкія старонкі Святога Пісання: Айцом называйце толькі Бога
24.05 16:24Правіны ці грахі: што маецца на ўвазе пад словамі «...і адпусці нам правіны нашыя» ў малітве «Ойча наш»?
07.05 07:28Цяжкія старонкі Святога Пісання: па-габрэйску ці па-грэчаску чытаў Езус у сінагозе ў Назарэце?
05.04 11:39Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Бог ахвяру ад Абэля прыняў, а ад Каіна — не?
25.03 09:56Цяжкія старонкі Святога Пісання: у чым розніца «народа ізраэльскага» ад «народа габрэйскага»?
10.03 12:35Цяжкія старонкі Святога Пісання: хто і калі павінен пакрываць галаву ў Касцёле?
03.03 09:00Цяжкія старонкі Святога Пісання: калі прыйдзе Валадарства Божае?
30.01 14:51Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Бог рабіў жорсткім сэрца фараона?
21.01 11:00Цяжкія старонкі Святога Пісання: грэх супраць Духа Святога не будзе адпушчаны ні ў гэтым веку, ні ў будучым?
17.01 08:54Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму, калі жаніх спазняўся, то паснулі ўсе — і мудрыя, і неразумныя?