Ахінаючая любоў |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч |
06.07.2012 18:24 |
Так дзіўна, што не можаш дапамагчы тым, каго любіш… Дзіўна незразумела цяжка… Чаму мая любоў, такая сапраўдная, вялікая, здаецца, усемагутная, ніяк не можа ўратаваць ад болю любімых людзей? Калі бацька ціха «раставаў» ад дыябету, так хацелася ўзяць яго на рукі, прыціснуць моцна, каб затрымаць тут, побач, і каб не цярпеў больш. А ён пакутваў усё цяжэй… Як пясок праз пальцы, прасочвалася ягонае жыццё, калі здавалася падкладаеш пад яго свае далоні. Не ўтрымаць. Ён пайшоў… Калі хварэе дзіця, здаецца, абрынула б увесь свет, каб яму палягчэла. А на самой справе, чым больш напружання, тым менш карысці ад нэрвовых учынкаў. Толькі горш. Калі блізкі чалавек нечым шкодзіць сабе сваімі паводзінамі, напрыклад, з усёй сваёй любоўю так хочацца зрушыць яго з дрыгвы, словамі ды чым заўгодна, падняць і пераставіць на добрае месца, каб ён быў шчаслівы… Я ўжо ведаю, што гэта пастка. Для мяне. Ідзі, падпіхні іншага да лепшага, толькі больш адчувальна… Не хоча слухаць? Як гэта так? Давай, кулаком у плечы, ідзі кажу, да лепшага, я ведаю куды і як, слухайся, нарэшце! Што? Зноў ніяк?! Ну, тут ужо любыя сродкі дазволены, досыць ужо гуляцца… Я гэтулькі сіл уклала, а ён… І панеслася… У бездань. Калі сяброўка, самая мілая і шчырая дзяўчынка, якую я ведаю, якая заўсёды ляцела, нібы матылёк, на кожны чалавечы боль, сама апякла сабе крылцы, я не магла паверыць, што мая любоў зноў нічога не можа змяніць… Што ні гавары, як ні заклікай, якія «глыбокія» і карысныя думкі ні выказвай, НІЧОГА не дасягне яе душы… Калі толькі Бог не пачне дзейнічаць сам. А вось Ён нікога прымушаць і ў плечы падпіхаць не будзе, хоць бачыць і ведае лепш за ўсіх… А потым я ўзгадала Марыю, Божую Маці. Пад крыжом свайго Сына што яна магла змяніць?.. Нічога. Проста быць. Нават паднесці крыж ёй бы не далі… Але яе прысутнасць, яе любоў, яе боль адчуваў Сын увесь час. І тыя Яго перадапошнія словы пра вучня: «Вось сын твой…» Яны не развітанне, не забеспячэнне дагляду Маці вучнем. Мне здаецца, што любоў не можа быць сама па сабе, калі нават чалавек перажывае вялікую страту. Любоў павінна бачыць тых, хто побач, ахінаць іх цяплом і дабрынёй. Не кранаючыся. Так, каб нават выпадкова не падпіхнуць кагосьці «ў лепшую будучыню». Вельмі ідэальна, я так не магу? А з прыбітымі да бэлькі рукамі?... Тэрэса Клімовіч |