Калі вялікія становяцца малымі |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч |
16.08.2016 12:52 |
Стаць малым – дзіўная перспектыва для сучаснага свету, дзе трэба марыць аб большым і ставіць вялікія мэты, дасягаць іх і ставіць яшчэ большыя мэты. І зноў-такі дасягаць. Бо мы такія малайцы і мы гэтага годныя, ці як там любяць казаць у рэкламе? Некарэктнае абагульненне, скажаце. Так, але хачу растлумачыць, што я маю на ўвазе. Памятаеце той момант у Евангеллі паводле Лукі (9 раздзел), калі Езус сказаў, што будзе выдадзены ў рукі людзей, а вучні Яго слухалі адным вухам, не разумелі, а «баяліся запытацца ў Яго аб гэтым Слове». І адразу: «З’явілася ж у іх думка, хто з іх большы».
Насамрэч, гэта такая сур'ёзная думка, якая можа запоўніць не адну галаву, то і не дзіўна, што Хрыстовы словы ўжо не змяшчаліся ў вучнях. Часам сустракаюцца такія занятыя дзелавыя-дзелавыя людзі, якія чуюць усё, што ім кажуць, але не надаюць увагі другасным, у іх разуменні, рэчам: «Так, гэта не гарыць, займуся пасля». Уласнымі трывогамі вучні пераймаліся больш, чым словамі Настаўніка. За тры гады прабывання з Езусам апосталы — можа, не так, як маглі б ці як нам бы хацелася, — але выраслі над сабой. Ды неяк так выраслі, што сталі загароджваць сабой Хрыста, і нават ганарыліся гэтым. Ну і хацелі, вядома, неяк сваю вялікасць упарадкаваць. Іншасказальнасць Езус, «ведаючы думкі сэрца іх», хацеў даць ім прыклад добрай іерархічнасці, аб якую не трэба было б ламаць галовы і сэрцы. Узяў дзіця і «паставіў яго каля Сябе і гаворыць ім: "Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае, бо хто Мяне прыме, прымае Таго, Хто Мяне паслаў. Бо хто найменшы сярод вас усіх, той ёсць большы». Што я чую зараз у гэтых словах: хто адкладзе ўбок сваю важнасць і выслухае Хрыста, як малога хлопчыка, і дасць веры Яго словам, і будзе думаць над імі, і задаваць пытанні (бо хто ж пабаіцца задаць пытанні дзіцяці?), пра таго чалавека можна сказаць, што ён прыняў і пачуў Езуса. Праўда, у мяне за 13 гадоў мацярынства выпрацаваўся прафесійны рух адносна дзяцей, якія да мяне набліжаюцца: накарміць. Не, кажа Хрыстус, ты паслухай.
Што значыць быць малым? Але вернемся да Евангелля. Мяркуючы па рэакцыі вучняў, яны вельмі літаральна ўспрынялі апошнюю фразу пра найменшага сярод іх. Магчыма, маладому апосталу Яну ў вызначэнні «большага» сярод 12 не адводзілі вялікай ролі. Але, пачуўшы пра найменшага, менавіта ён стаў аўтарытэтным вучнем і вырашыў скласці невялічкую справаздачу. «Адказваючы, Ян сказаў: "Мы бачылі, як нехта ў імя Тваё выганяў дэманаў, і мы забаранілі яму, бо ён не ходзіць з намі”». Невядома, ці ён ставіў гэта сабе ў заслугу, ці турбаваўся аб правільнасці забароны. Факт у тым, што вучні Хрыста вырашылі такім чынам адрэагаваць на зло, якое сустрэлі. А крыху пазней, вырушыўшы ў дарогу, Ян з Якубам папросяць дазволу спапяліць паселішча самаранаў, якія па сваіх прычынах адмовіліся прыняць Езуса на начлег. Здаецца, толькі-толькі апосталам сказана было: «Не забараняйце, бо хто не супраць вас, той за вас», і Езусу зноў даводзіцца грозна глядзець на іх, сыноў грому, якія вучацца-вучацца ды ўсё растуць, а не малеюць. Бо што значыць быць малым, акрамя таго, што задаваць процьму пытанняў? У выпадку вучняў, не засланяць сабой Хрыста іншым людзям, лічачы сябе аўтарытэтамі і малайцамі. Калі любуюцца вучнем, то любуюцца не ім, не ягонымі цудоўнымі якасцямі, але Богам любуюцца, які выяўляецца ў гэтым чалавеку праз свае дары. Я захапляюся шчырасцю апосталаў, якія расказалі пра гэтыя выпадкі ўсім хрысціянам. Расказалі зусім як дзеці. Езус ведаў, што ўрэшце яны імі стануцца. Пад Ягоным крыжам яны сталі дзецьмі, бездапаможнымі, спалоханымі, асірацелымі. А якія ж сапраўды вялікія рэчы зрабілі потым, атрымаўшы Духа Святога, Духа ўсынаўлення...
«Таму што ўсе, каго вядзе Дух Божы, — гэта Сыны Божыя. Вы ж не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: Абба, Ойча! Гэты самы Дух сведчыць духу нашаму, што мы дзеці Божыя. А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца» (Рым 8, 14-17). |