Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Даць імя смутку
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
29.05.2017 08:35

«А Езус пазнаў, што хацелі ў Яго спытаць, і сказаў ім: “Распытваецеся адзін у аднаго пра тое, што Я сказаў: Яшчэ крыху і вы не ўбачыце Мяне, і хутка зноў убачыце Мяне? Сапраўды, сапраўды кажу вам: вы будзеце плакаць і галасіць, а свет будзе радавацца. Вы будзеце смуткаваць, але смутак ваш зменіцца ў радасць”» (Ян 16, 19–20).

У стане няпэўнасці адны пытанні цягнуць за сабой наступныя, а заслона над будучыняй не становіцца больш празрыстай. У каго пра Настаўніка маглі спытацца вучні, як не адзін у аднаго? Самі сабе былі экспертамі. Але шматлікія абмеркаванні Ягоных слоў не прыносілі чамусьці супакой. Таму яшчэ раз спачатку: што значыць «яшчэ крыху»? Не ўбачым — і зноў убачым... Як Ён пойдзе да Айца, калі казаў, што Ён і Айцец — адно? А з намі што будзе?

Езу, куды Ты пойдзеш, маючы перад сабой гэтыя вочы, у якіх такая насцярожанасць і страх? Як Ты пакінеш вучняў, калі вера толькі-толькі пачала распраўляць ім крылы? Як Ты выпусціш іх са сваіх рук нават на кароткі час? Што з імі будзе?

Але словы сказаны і вельмі выразна. Яны ўсё гучаць і гучаць, неадступна следуючы за вучнямі, і за намі. Яшчэ хочацца думаць, што нічога не станецца. Можа, Ён выказаўся алегарычна, у пераносным значэнні. Карціць пакінуць шчылінку для такіх спадзяванняў. І нават спытаўшыся наўпрост, да апошняга будзем чакаць ад Езуса абвяржэння таго выразнага папярэджання. Не абяцанне Суцяшыцеля супакойвае нас, але спадзяванне, што Ён скажа: «Я нікуды не адыйду, буду пры вас. І штовечар у бяспечным ціхім месцы будзе вячэра, цёплае полымя лямпы, спеў і размовы». Можна нават і без вячэры...

Адказ жа Езуса не пакідае шчылінак для ілюзій якраз таму, што Ён любіць сваіх сяброў. «Вы будзеце плакаць і галасіць». Доктар звычайна папярэджвае перад працэдурай: «Зараз крыху забаліць — і ўсё». А Езус кажа дарослым людзям: будзеце плакаць, а свет не паспачувае. Навокал будуць цешыцца, радасна пытаючыся адзін у другога: «Дзе ж іх Бог? Такім грэшнікам так і трэба. Галосяць цяпер. Паглядзіце, на каго яны падобныя, а мы ім ледзь не паверылі!»

«Чаго ты плачаш?» — спытаецца потым уваскрослы Езус у Марыі Магдалены. І гэта вельмі важнае пытанне, якое патрабуе асабістага адказу. Што азначае твой плач? Па чым ты плачаш? Па кім?

«Смутак зменіцца ў радасць», але спачатку трэба яго прыняць, даць яму слова і дазволіць расплакацца свайму сэрцу, якое не ведае, дзе Бог, куды Яго забралі, дзе Яго шукаць. Названы смутак заменіцца ў радасць за адно імгненне, калі ж радасць сустрэчы так блізка. Сапраўды, хуткім можа быць вяртанне Пана, які цяпер чакае за дзвярыма кожнага сэрца, які крочыць побач, які працягвае далонь у цемры.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.