Глядзі, вучыся, жыві! |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч |
13.06.2013 12:05 |
«Вось чыню ўсё новае...», — кажа Пан (Ап 21,5), чулі ад апостала Яна гэтыя словы даўно. Пане, скажы толькі — дзе гэта ўсё? «Ідзіце і паглядзіце», — гаворыць Езус. З цягам часу, бываючы ў розных людзей, згаджаешся з мудрасцю гэтых слоў. Тое, што чалавек зрабіў з асяроддзем, у якім жыве, гаворыць пра яго вельмі шмат. Акрамя канкрэтных матэрыяльных рэчаў, вялікае значэнне мае атмасфера, няспешнасць і прыязнасць. Да чаго і да каго прыглядваўся гаспадар дома? Дзе вучыўся? «Прыйдзіце і навучыцеся ад Мяне!» — новае запрашэнне. Не толькі лагоднасці сэрца, хоць гэта важна, але не толькі... Навучыцца шанаваць сваё і іншае жыццё, заўважаць дробязі, разумець, быць велікадушным, трываць, знаходзіць патрэбныя словы, дапамагаць і маліцца, бачыць волю Божую, перамяняцца, любіць, не баяцца. Пералічваць можна доўга, абы толькі гэта не сталася пераліваннем з пустога ў парожняе. Сучасны чалавек можа запампаваць у галаву мноства ведаў, толькі яны чамусьці аўтаматычна не канвертуюцца ў мудрасць. І застаецца тое ж пытанне: як адчуць свой накірунак? Як знайсці сваю «тэму», якая будзе мець сэнс не на месяц ці год, але ўсё жыццё? Закхей прыняў рашэнне пайсці і ўбачыць. Не пасылаў падначаленага, каб той схадзіў, паслухаў Настаўніка ды вярнуўся з інфаграфікай і справаздачай. Закхей наважыўся сам узлезці на дрэва (можа, разам з басаногімі дзецьмі), каб навучыцца, дайсці сваім розумам і сэрцам да той навукі, якая стварае новага чалавека. Хацелася б апынуцца на ягоным месцы і проста сачыць за Езусам, за Яго рухамі, позіркам, інтанацыяй, ўсмешкай... Потым Ён скажа, што шчаслівейшыя тыя, якія не бачылі, а паверылі. Бог чалавеку прапануе: «Назірай за Мной!» Праз Евангелле, праз сэрца, з дапамогай Духа — вучыся. Кожны дзень — свая навука... Жыць дасканаласцю ці магчыма грэшніку? А жыць без яе? Тэрэса Клімовіч |