Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бог не маўчыць
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
29.06.2013 13:36

«Чулі, што сказана было [продкам]: "Не забівай", а хто заб'е, будзе асуджаны. А Я вам кажу, што той, хто дарэмна гневаецца на брата свайго, будзе асуджаны; а хто скажа брату свайму: "рака", – будзе асуджаны радай, а хто скажа "дурны", – будзе асуджаны агнём пякельным» (пар. Мц 5; 21-22).

Мы ў большасці жывём так, быццам бы не чулі нават пра запаведзь продкам, не тое, што пра «дурня». Сапраўды, продкам было сказана ясна і коратка, а яны ж забівалі, ды яшчэ як. І Бог маўчаў. Ці ніхто не слухаў? Але тады можна лёгка апраўдаць сваю злосць, ганарлівасць, хуткі суд над іншым чалавекам.

А можа, Бог маўчыць, бо Яму падабаюцца нашыя ахвяры за грахі? – як і далёкія нашыя продкі, спадзяёмся мы, дзівячыся, чаму такое стаўленне выклікае агіду ў няверуючых... Мы стараемся не думаць ці не дачытваць да таго месца, дзе гаворыцца, калі і як кожны чалавек дакладна пачуе голас Божы:

«Кліча Ён зверху неба і зямлю, каб судзіць народ Свой.... Гэтак ты чыніш, а Я маўчу. Ці не думаеш ты, што Я падобны да цябе? Я буду абвінавачваць цябе, і адкрыю гэта [ўсё] перад табою» (пар. Пс 50, 4;21).

І вось жыццё пройдзе за імгненне перад нашымі вачыма, нерэкламны ролік найлепшай якасці, бо праўдзівы і шчыры. Высветліцца, што ведалі мы, як павінны былі яго пражыць – сваё адзінае, дадзенае Богам зямное жыццё. Усё мы чулі пра міласэрнасць, дабро і праўду, пра любоў і веру. І кожны дзень быў напоўнены рысачкамі і слядамі Божай прысутнасці...

Але жылі па-свойму, з цягам часу ўсё больш баючыся пачуць Божы голас, паддаючыся нейкім справам і пільнасцям, хапаючыся за паперы, паўнамоцтвы, дзікунскія перакананні, што праўда, паліткарэктныя. На шчасце, а не на пагібель «З Сіёна, поўнага красы, заззяў Бог» (пар. Пс 50, 2).

Вось, чалавек, такі важны і спрытны, ляціш на добрым кані, каб выканаць пастаўленую задачу...

І ў дарозе здарылася так, што, калі ён (Саўл) набліжаўся да Дамаска, раптам агарнула яго святло з неба, і падаючы на зямлю, пачуў голас...

Той, хто быў побач, які ведае, які любіць і бачыць чалавека такім, якім яго стварыў, быццам бярэ яго за плечы і глядзіць у вочы: «Чаму ты так жывеш? Што ты робіш, дзіця?»

– Саўле, Саўле, чаму Мяне пераследуеш?

Насамрэч, што сказаць у адказ – чаму замест таго, каб наследваць Хрыста і ісці за Ім, мы пераследуем Яго?... У пэўны момант у пытанні прагучыць і маё, і тваё імя.

Саўл выбраў найлепшы адказ: маўчаць, аслепнуць, не піць і не есці тры дні, даверыцца святым Божым, якіх Езус пасылаў яму, хрысціцца і праслаўляць Бога ўсё жыццё. Зрабіўшы так, Саўл стаў святым Паўлам, апосталам народаў, менавіта тым, якім выбраў і бачыў яго Пан Бог.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.