Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хто каму вораг, і калі ён не страшны
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
02.07.2013 10:36

Любіце ворагаў вашых,
Дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць.
Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае,
Маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць.
Лк 6, 27

Калі прыходзіш у дзяржаўную установу, адзіная надзея, што сустрэнеш там чалавека, якому гэтыя словы Хрыста – не чужыя. Чаму? Бо ты ва ўстанове – якраз той самы вораг для тых, хто там працуе. Вось ты прыйшоў са сваёй (добра калі стандартнай, а не складанай) просьбай, і адным гэтым фактам прымушаеш людзей займацца табой, а не іншымі, верагодна, больш прыемнымі і пільнымі справамі. Ну, і як цябе любіць?

І потым. Адстаяўшы ў чарзе, ты набліжаешся да акенца ці ўваходзіш у кабінет, паспеўшы зненавідзець усю гэтую ўстанову, існуючы парадак. Няўжо ты не праклінаў, перамінаючыся з нагі на нагу ў чарзе? Поўны трывогі ад невядомасці, чаму так марудна прымаюць, не ўпэўнены ў адпаведнасці сваіх паперак адноўленым патрабаванням (а ўмовы змяняюцца перманентна), ты сканцэнтраваў свае прагненні і страхі на чалавеку, які працягвае руку за тваімі даведкамі. Нават цяжка ўявіць, што, убачыўшы цябе, ён паставіцца прыязна да наведвальніка. Благаславіць? Амаль што неверагодна.

І нарэшце. Шчыра кажучы, сваімі патрабаваннямі і заявамі, якія не адносяцца да кампетэнцыі канкрэтнага служачага, сваімі паперамі і даведкамі, якія не адпавядаюць прынятым нормам і напісаны з памылкамі, сваёй павярхоўнасцю ў пытаннях, якія ты просіш разгледзець, у аднабаковасці, з якой налягаеш на прыняцце рашэння толькі на сваю карысць – ты сапраўды крыўдзіш тых, каго просіш. Але ж чыноўнік не ўзнімае вочы да неба з малітвай «Ойча наш», кінуўшы позірк на твае паперы.

Але нешта падобнае, пэўна, адбываецца, калі справы вырашаюцца станоўча, на пытанні знаходзяцца адказы, а на просьбы – дапамога і добрае слова... Магчыма, працаўнікі ўстановаў таксама разлічваюць, што да іх прыйдуць людзі, якія любяць ворагаў, чыняць дабро, благаслаўляюць і моляцца за іх. Стоячы ў чэргах, перапісваючы анкеты, губляючы цярпенне, сціскаючы зубы ад крыўды  –  яны (гэта значыць, мы) усё-ткі застануцца вернымі Хрыстовым запаведзям, хрысціянамі, адным словам.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.