У чаканні жніва |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч |
20.08.2013 16:03 |
Наконт свайго поля мы спадзяёмся на Езусава «не». На Ягоную руку, што захавае нас ад няпрошаных «аграномаў», што йдуць на праполку. Хрыстовае «не» справядлівае для кожнага чалавека. Не чапайце Валадарства Божага ў чужым і ў сваім сэрцы. Яшчэ не пара. Не забывайцеся, Хто – Гаспадар. Для пшаніцы на гэтай зямлі яшчэ час сонца, дажджу і ветру, блакіту і зор, цяпла і жыцця, — усё задарма, усё дзеля росту, дзеля плёну. А рукі слушна просяць працы, і найлепшае, што можна рабіць — падрыхтаваць раллю для Сейбіта, хоць не ведаем дакладна, калі Ён выйдзе сеяць. Карчаваць свой цёмны лес, раўняць яміны-недахопы, вызваляць поле ад камянёў-крыўдаў, рабіць цвёрдую зямлю лагоднай і мяккай... І паважаць іншага чалавека, бо і ягоны шлях — пошук, праца і змаганне. Можна ж ісці разам і ў душу не лезці. Насіць цяжары адно аднаму і не хадзіць па пятах, каб выцягнуць бервяно з чужых вачэй. Разумець пад аднымі і тымі ж словамі розныя рэчы і не пабіцца насмерць за адценні сэнсу. Кожны каласок палічаны, кожнае зярнятка — каштоўнасць. Тэрэса Клімовіч |