Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Два берагі аднаго дня
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
16.09.2013 12:45
 
А вецер быў супраціўны...
А вучні плылі адныя...

Перад тым, як прыйсці да апосталаў па вадзе, Езус загадаў ім плысці самім на другі бераг Генісарэцкага мора. Звычайная і знаёмая рэч — пакідаеш адзін бераг, плывеш на супрацьлеглы, карыстаючыся ветразем і вёсламі ды адпаведнымі арыенцірамі. Прыкладна, як устаеш зранку, а наперадзе — дзень да вечара, розныя справы, на якія разлічваеш час і сілы з надзеяй, што нябачныя і нечаканыя рэчы не перакуляць «човен» надыходзячага дня... А калі прыгледзецца: як адплываюць нашыя чаўны? 

«І пасылаў Я да вас усіх слугаў Маіх, прарокаў, падымаючыся на досвітку, пасылаючы і кажучы: „Навярніцеся кожны ад дарогі сваёй ліхой і выпраўце ўчынкі вашыя...» (пар. Ер 35,15) 

«Падымаючыся на досвітку...», пакуль маўчаць будзільнікі і сон такі салодкі, Бог вызначае «курс» дзённай вандроўкі. Як рана ні прачніся, Ён ужо апярэдзіць чалавека сваёй Любоўю, але не будзе дакучліва яе прапаноўваць. Прыняць? Або нават не заўважыць ні Бога, ні прарокаў — раніца ж такая кароткая?.. Так і плывем...

«Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны» (Мц 14, 24)

Вецер у плечы, інакш кажучы — спадарожны — у жыцці хрысціяніна ўвогуле здараецца рэдка. Наадварот, калі ўсё вельмі гладка, трэба разабрацца, ці не павярнулі мы свой човен назад. Ці не кінулі «гэтую марную справу» — шукаць добрых дарог, выпраўляць учынкі, кіравацца любоўю? Колькі можна змагацца з ветрам?
 
Нават гучыць дзіўна, як бойка з ветракамі ў Дон Кіхота. Дзе Бог, які ўсё бачыць? Мае цярпенні, знясіленасць, садраныя мазалі, прыхаваныя слёзы... Сярод тугі і адчаю цяжка заўважыць светлую постаць, якая крочыць па вадзе нашых дзён. Заўважыць і пазнаць Езуса. 
 
Хаця б па гуку Ягонага голаса: «Супакойцеся, гэта Я; не палохайцеся». Хаця б не працягваць даказваць, што «гэта здань!» Якія б шаблоны і прусакі не жылі ў чалавечай галаве, Бог застаецца нязменным — Тым, якім ёсць. Тым, хто выправіў і бачыў. І не пакінуў нават малаверных... Хочаш наследаваць — ідзі, толькі вер. Сапраўды хочаш?
 
«Ісці за Езусам азначае прымаць удзел ў Ягонай міласэрнай любові да кожнай чалавечай істоты», як напісаў Папа Францішак. Можна было б нават вылучыць гэты выраз вялікімі літарамі, бо ёсць над чым паразважаць, але CapsLock у Сеціве азначае крык, а хочацца глыбіні... 

Заўтра на світанні адплыве ад берага човен новага дня, крохкі, як і само жыццё. Зноў узнімецца супраціўны вецер, які «халодзіць былыя раны» ці залівае вадой і збівае з курсу. Але не яго трэба слухаць, не енкі спалоханых бліжніх, не свае страхі, а голас Хрыста, які ішоў за намі «шмат стадыяў», нават цяжка ўявіць, як шмат.
 
Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.