Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адвэнт. Знайсці сваё чаканне
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
02.12.2013 09:10

А чакаць жа ніхто не любіць. Людзі здаўна вынаходзяць нейкія рэчы, сэрвісы, аптымізацыі і паслугі, каб скараціць чаканне, не марнаваць час, пазбегнуць непрыемных перажыванняў.

Чаму ж такім каштоўным з'яўляецца адвэнтавае чаканне? Чаму нельга атрымаць адразу cвята Божага Нараджэння? Катэхеты ведаюць, што такія пытанні часта задаюць дзеці. А дарослыя ўжо спрабуюць высветліць самі, што будзе, калі не рыхтавацца, не пасціць, не абцяжарваць сябе пастановамі, а "атрымаць" адразу свята. А потым на наступны ж дзень сказаць: "Вось і прайшло, нібыта нічога й не было". Сумна, праўда? Больш за тое, чаканне "за кампанію з іншымі" таксама прыносіць мала карысці. Пражыць гэты перыяд трэба сваім сэрцам, знайсці сваё чаканне і свае адзнакі, што Божае абяцанне вось-вось споўніцца – прыйдзе Збавіцель, блізка выратаванне, цемра адступае перад Святлом.

Такім чынам, калі пазычыць чаканне не атрымліваецца, трэба шукаць сваё. Напрыклад, чакаючы, можна выйсці Хрысту насустрач, падрыхтаваць Яму падарунак. Толькі – што рабіць і як? Перабіраем у галаве пастановы, дзень, другі...  (Не страшна, лепш даўжэй падумаць, чым паабяцаць тое, што не датрымаеш.)  Што, калі перад табой час выпрабавання – малапрыемны, аскетычны, пазбаўлены карунак і мішуры? Толькі без кіслай міны і з прыстойным выглядам, памятаеш?

Чаканнем можа стаць рызыка: пачаць маліцца за свайго ворага, прапанаваць дапамогу, альбо, наадварот, адмовіцца саўдзельнічаць у нядобрых справах. З рызыкай звязана і шчырасць, калі пачынаем называць рэчы сваімі імёнамі. Магчыма, камусьці трэба не пазбягаць канфлікту, а пачаць доўгую размову, дайсці да дробязяў, да вытокаў непаразумення. Прыціснуць сваю ганарлівасць і прызнаць памылкі. А іншаму – перастаць глытаць крыўды і пачаць гаварыць.

З іншага боку, калі кагосьці чакаеш, запавольваеш хаду, нават спыняешся. Так бывае, калі чалавек вырашае больш не грашыць. Усё. Стоп. Хопіць пустых сварак, нястрыманых абяцанняў, хлусні, абыякавасці, крывадушнасці...

Адвэнт – гэта шанс абвясціць мараторый на нараканні і зайздрасць, а таксама спроба падзяліцца з блізкімі і далёкімі тым, што маеш, адсыпаючы "меру добрую, утрэсеную"...

Гэта твой шанс наталіцца радасным прадчуваннем свята, услухацца ў словы адвэнтавай літургіі, гамілій, спеваў. Прачытаць добрую кнігу. Няспешна падрыхтавацца да свята, не адкладаючы на апошнія дні. Радасць вызвалення і прымірэння чакае пасля шчырай споведзі, якая таксама патрабуе падрыхтоўкі і малітвы, каб адкрыцца перад Богам.

А можа, тваё чаканне ў тым, каб адчуць працягласць часу. Адчуць, як гэта адбываецца, калі надыходзіць "поўня часу". Сёння – яшчэ не. Заўтра – не. Праз 2 тыдні – не. Дні карацеюць, холад мацнее, настрой марнее, а надзея... надзея, як агеньчык раратніх свечак, свеціць, ёсць, гарыць. Якім чынам Бог спаўняе тое, што абяцаў? Што тады адчувае душа?

Ці не падказвае табе сэрца стаць Бэтлеемам – "найменшым з гарадоў Юды"? Тады час Адвэнту будзе часам служэння ўсім і кожнаму, часам "апошніх месцаў", лагоднасці, даверу, адрачэння ад сваёй "вялікасці".

Чаканне Дзіцяці без любові – штосьці нечалавечае. Калі твае раны – як глыбокія бязводныя студні, няхай напоўняцца яны любоўю. Няхай яна пераліваецца цераз край і знаходзіць мільёны шляхоў, каб атуліць сабой іншых людзей.

Якім жа будзе тваё чаканне? Каб жа стала яно тугою... Такой моцнай, якая дапамагла б хаця крыху зразумець, як Бог чакае чалавека. Тады адкрыецца табе моц чакання і напоўніць увесь Сусвет радасць сустрэчы.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.