Малыя людзі ў вялікіх натоўпах |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч |
18.12.2013 11:06 |
«Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі» — скажа Езус. Нават Яго заўважылі і сустрэлі дабром далёка не ўсе, а то Ягоных меншых, зусім маленькіх, у цяперашніх натоўпах? Да ўчарашняга вечара я ведала пра «бітком набіты аўтобус» толькі тэарэтычна. Да гэтага я ездзіла ў поўных і перапоўненых аўтобусах, але ў натоўпе, які сціскае цябе да болю і абцяжарвае дыханне, апынулася першы раз. Поручні ўжо непатрэбныя, нават мая торбачка вісела невядома дзе, асобна ад мяне... Магчыма, я забылася, магчыма, проста даўно не была ў сапраўдных чэргах і на прыпынках у гадзіны пік. Нейкая жанчына каля дзвярэй уздыхнула: «Як скаціну возяць...» Але я сумняваюся, што гаспадар загнаў бы жывёлу ў такія ўмовы. А людзі ж ездзяць так можа штодня... А хворыя на калідорах у перапоўненых шпіталях? А доўгія чэргі беспрацоўных? Людзі ў лагерах для бежанцаў... Зняволеныя ў вязніцах... Тэрэса Клімовіч |