Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зямля, поўная талантаў
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
26.02.2014 12:15

«Гаспадар, я ведаў, што ты чалавек жорсткі, жнеш там, дзе не сеяў, збіраеш там, дзе не рассыпаў. Таму, пабаяўшыся, я пайшоў і схаваў талант твой у зямлю. Вось вазьмі сваё» (Мц 25,24-25).

«Слуга нягодны і лянівы!» Але ён, прынамсі, усведамляў, што атрымаў талант, багацце. Не захацеў асвоіць яго, не рызыкнуў карыстацца ім, не наважыўся памножыць яго. Спалоханы і пануры, чакаў, калі пазбудзецца гэтага цяжару перад незразумелым і жорсткім гаспадаром.

Многія з нас, калі б зараз Пан запатрабаваў разлічыцца, сказалі б іначай: «Пане, а на што Ты спадзяваўся ад мяне? Ты ж нічога мне не даў! Ты не сеяў, не рассыпаў, умоў не стварыў, талантаў пашкадаваў. Што я мог зрабіць?»

Нешта засляпляе нам вочы: ці то прагнасць, ці то зайздрасць, ці фальшывая сціпласць — нічога я не маю, абняць і пашкадаваць. Таксама, можа стацца, «справы Божыя» ўяўляюцца недасяжна вялікімі для нашых невялічкіх магчымасцяў. Тут бы выжыць, дзе ўжо больш...

Вяртаючыся да «жорсткага» гаспадара. Мне здаецца, у яго хутчэй за ўсё быў план для кожнага свайго слугі. Даючы вялікія дары, ён спадзяваўся, што чалавек зменіцца сам і зробіць нешта добрае для свету, памножыць дадзенае багацце з ахвотаю і радасцю, укладаючы ў гэты працэс сваю працу і сэрца. Гаспадар быў рэалістам, не надзяліў кожнага пароўну, дасканала ведаў магчымасці, умовы і перашкоды. Але давяраў нават ляніваму.

Будзьма ж уважлівымі да Божых падарункаў. Каб не здарылася так, што спытаецца Пан: «Хто-небудзь ведае, што Я люблю цябе?», — а мы даўно і глыбока закапалі гэты неверагодны дар, нікому не сказалі, стаміліся і зажурыліся-замаркоціліся, як ад цяжару...

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.