Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
|
19.04.2014 11:23 |
Што такое адзін чалавек? Што ён можа? Што значыць адзін з сотні? Адна манетка ў параўнанні з дзесяццю? Адзінка выглядае зусім мізэрнай на вялікай схеме рэчаіснасці...
Але паглядзім з іншага боку: адзін гол, які прыносіць перамогу, адно слова, з якога пачалося прымірэнне, адно новае жыццё, непаўторнае і каштоўнае... Столькі важных імгненняў існуюць у адзінкавым экземпляры. А калі мы кагосьці моцна любім?
У вачах Божых кожны чалавек мае вялікую вартасць. Аднаго па адным Езус лячыў людзей ад хвароб. Аднаго па адным Ён кліча нас да больш глыбокай сувязі са Святой Тройцай. Аднаго па адным запрашае на Вячэру. Збавіў свет Ён Адзін – Езус Хрыстус.
Дзеля адной авечкі, якая згубілася, Ён ідзе ў далёкі шлях і нясе знойдзеную на сваіх плячах. Толькі Ён ведае, чаго гэта каштуе. Як тая жанчына, што ператрэсла ўсю хату, шукаючы драхму, Ён гатовы шукаць нас па заблытаных лёсах. З прычыны навяртання (усяго толькі!) аднаго грэшніка пачынаецца на нябёсах вялікая радасць.
Адзінка можа шмат чаго змяніць у лепшы бок, і прыкладаў кожны з нас ведае шмат. Адкрываючы ж сваю ўнікальнасць, трэба вучыцца цаніць і вялікую каштоўнасць сваіх бліжніх. Перад вачамі Божымі няма натоўпаў.
Тэрэса Клімовіч
|