“Перад сівой галавой устань і шануй старога ды шануй Бога твайго. Я – Пан” (Лев 19, 32).
Пасля гэтай пастановы наступная гучыць больш абгрунтавана: “Калі ў вашай зямлі паселіцца побач з табою чужынец, не крыўдзі яго, але хай будзе пасярод вас як тутэйшы, і любі яго, як самога сябе, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Егіпецкай”. Запаведзь аб павазе да старых, як і шэраг іншых, – дадзена без тлумачэння, ды яшчэ ў адным радку з пашанай да Бога, нібыта для раўнавагі. Незразумелыя і рызыкоўныя рэчы гаворыць Бог. Гледзячы на палітычныя працэсы ў свеце, у тым ліку сучасныя, можна заўважыць, што і чужынцаў не вельмі рады бачыць, і ад старасцi ўцякаюць, не шкадуючы сродкаў.
Мне здаецца, адна з прычын – тое, што нас не цікавяць ні перасяленцы, ні старыя з іх патрэбамі ды размовамі. Хутчэй мы станем іх пазбягаць, чым дапамагаць, і гэтым нічым не адрозніваемся ад ізраільцянаў пад гарой Сінай. І гэтак жа задаемся пытаннем: чаму трэба шанаваць? Вось, напрыклад, пазней, у кнізе Мудрасці (Сіраха) з'яўляецца наступная парада: “Не ганьбуй чалавека ў яго старасці, бо і некаторыя з нас дачакаюцца старасці” (Сір 8, 7). Ясная праўда і здаровы сэнс. Але безумоўная запаведзь народу праз Майсея датычылася тых старэчаў, якія рабамі былі ўсё жыццё і не маглі паспець навучыцца новаму - наадварот, існавала небяспека, што пацягнуць за сабой і маладых, якім трэба было змяняцца, пакідаць старыя звычкі і не аглядацца назад. Сутнасць ляжыць не на паверхнi.
Кім тады хацелася стаць нядаўнім рабам, перад якімі наперадзе было жыццё і новая зямля?.. Некаторым, напэўна, марылася самім займець сабе рабоў, а камусьці – знайсці над сабой новых гаспадароў. Ці хаця б ідалаў сваіх захаваць, на ўсялякі выпадак... Божыя запаведзі паказваюць іншы шлях - шлях, на якім чалавек можа змяняць сваё сэрца, каб слухаць і пазнаваць Бога, адрозніваць дабро і зло, шанаваць годнасць і свабоду сваю i іншых людзей, вучыцца міласэрнасці і, увогуле, чалавечнасці, як, можа, сказалі б сёння.
Таму і напісана гэта маладым, поўным сіл, якія ганарліва сядзяць на тронах сваёй разумнасці і даросласці і лічаць старасць не вартай увагі: "Перад сівой галавой устань.." Не нам судзіць старых, не нам вызначаць, хто на схіле жыцця лічыцца годным павагі, а хто – ганьбы. Занадта дробныя нашыя меры, закароткія думкі... Часта зводзяцца ўсе нашы прэтэнзіі да прыхаванай умовы: каб мы шанавалі вас - падабайцеся нам!..
У Апакаліпсісе, апошняй кнізе Святога Пісання, святы Ян таксама гаворыць пра старых: “Той, Які сядзеў, з выгляду быў падобны да каменя яшмы і сердаліку, і вясёлка была вакол трона, з выгляду падобная да смарагду. І навокал трона было дваццаць чатыры троны. А на тронах сядзелі дваццаць чатыры старцы, апранутыя ў белыя шаты. І на галовах іхніх – залатыя вянкі” (Ап 4, 3-4).
“Той, Які сядзіць на троне, – Бог, Творца і Айцец. Дваццаць чатыры старцы перад Ім увасабляюць чалавецтва. Гэта вельмі старыя людзі. Не юнацтва выказвае сутнасць чалавека. Яе найлепшым выразам ёсць старасць, калі выпрабаванні пройдзены, глыбіні і вышыні засталіся ззаду, і ўсё дасягнула сталасці” (паводле Р. Гуардзіні).
Як мала мы яшчэ разумеем у старасці і ў сталасці, як шмат яшчэ маглі б распытацца, пакуль яны не адышлі ў вечнаць – не даслуханыя старыя, якія з нейкага часу сталі для маладых чужынцамі, што пасяліліся побач.
Легендарнага віяланчэліста Пабла Касала спыталіся, навошта ва ўзросце 90 гадоў ён працягвае практыкавацца.
“Бо я лічу, што ў мяне ёсць прагрэс”, – адказаў ён.
Тэрэса Клімовіч
|