Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чый дотык змяняе ўсё
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
28.07.2014 14:14

Як можна распавядаць пра тое, што можна толькі адчуць? Дотык бывае такім розным: далікатным, пяшчотным, балючым... Досведу хапае ў кожнага з нас. Закрануць жа людcкія сэрцы хацелі б многія людзі, толькі іх мэты вельмі адрозніваюцца. Падпарадкаваць сабе чалавека ці вызваліць яго?..

Прыгадаем евангельскія натоўпы. Езус прыцягваў людзей так, што яны не звярталі ўвагі, куды і як надоўга ідуць за Ім. «На наступны дзень Езус пайшоў у горад, які называўся Наін, і разам з Ім ішлі вучні Ягоныя і вялікі натоўп». Цікава, з якой хуткасцю яны рухаліся? Гаманілі ці ішлі моўчкі? Ці дзяліліся яны ежай, вадой, добрым словам? Што рабілі на адпачынках? Цяжка ўявіць сабе панурых людзей побач з Хрыстом — хутчэй грамаду добразычлівых людзей з усмешкамі, бо іх сэрцы адгукнуліся на Божую любоў.


І вось яны амаль увайшлі ў Наін. «Калі ж Ён наблізіўся да гарадской брамы, выносілі з яе памерлага, адзінага сына ў маці, якая была ўдавою. І шмат людзей з горада ішло разам з ёю». Таксама натоўп, таксама з-за любові — да ўдавы і яе маладзенькага сына, таксама шчыры. Але які кантраст! Ці не адчулі людзі, якія прыйшлі з Езусам, халодны подых смерці, ад якога знікла ўся весялосць?  Ці не сціснуліся сэрцы ад гэтай вялікай бяды? Магчыма, хтосьці адчуў і палёгку: «Яшчэ не я ляжу, у мяне яшчэ ўсё добра...» Ці можна было Езусу застацца ўбаку? Верагодна, што яны з удавой не былі знаёмымі, дакранацца да нябожчыка таксама было, мякка кажучы, не прынята. Езуса нават ніхто ні аб чым не прасіў. Але ж матчыны слёзы... Побач з горам маці, якая страціла дзіця, цяжка знаходзіцца, нязносна цяжка, бо нельга суцішыць яе боль, бо невядома, чым.

«Убачыўшы яе, Пан злітаваўся над ёю і сказаў: “Не плач!» Кожнаму дзеянню папярэднічае ціхі нябачны рух сэрца, калі дзесьці ў глыбіні прымаецца рашэнне. Каб жа за ўсім, што мы робім, стаяла евангельская любоў! У першую чаргу любі, а потым — рабі. Рабі, што хочаш, як пісаў святы Аўгустын. Калі разабрацца шчыра, то ці верым мы, што Бог набліжаецца да нас з любоўю? Што за Ягоным «не плач» стаіць сапраўднае суцяшэнне? Калі не, то, хутчэй за ўсё, не дазволім сабе дапамагчы, не пазнаем Яго, не спынімся...

«І, падышоўшы, дакрануўся да насілак. Тыя, хто нёс, спыніліся, а Ён сказаў: «Хлопча, кажу табе, устань!» Мёртвы сеў і пачаў гаварыць. І аддаў яго Езус маці ягонай» (Лк 7, 11-17).

І яшчэ Хрыстус заклікае: «Не бойцеся!» Не бойцеся забрудзіцца болем іншага чалавека, не бойцеся выглядаць дзівакамі, не бойцеся любіць, спачуваць, нервавацца, шкадаваць і літавацца, не бойцеся дакранацца да чужога гора...

Часам на «пахавальных насілках» ляжыць нечае сужэнства... Альбо лёс... Альбо светлая мара... Альбо краіна... Варта расплакацца, праўда. Але ж не будзем губляць веры ў Хрыста, чый дотык змяняе ўсё.

Тэрэса Клімовіч
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.