Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прыхадні і госці
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
12.11.2014 09:35

«Кароль, увайшоўшы паглядзець на гасцей, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельную вопратку, і сказаў яму: “Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельнай вопраткі?” Той прамаўчаў».

Чаму ён маўчыць, гэты госць? Каб каго-небудзь баяўся, то не прыйшоў бы зусім. Каб не меў магчымасці «апрануцца прыстойна», не прагучала б пытання. Вельмі падобна на стаўленне «хачу й маўчу», але не падлеткавы пратэст замыкае яму вусны, а свая выпешчаная ганарлівасць.

Мы ж не такія, праўда? І не мы, пачуўшы «Дружа...», сталі б азірацца па баках, шукаючы, да каго Кароль звяртаецца, і думаць з недаверам: «Калі гэта мы сталі сябрамі? З якой такой радасці Ён мне “друг”?» Вось у тым і справа – ніякай радасці ў чалавека, што Бог прапануе яму сяброўства...

Які ўбор да твару нам, нечакана пакліканым з далёкіх скрыжаванняў маленькіх мястэчак і каменных джунгляў, на пір, гаспадаром якога ёсць сам Кароль сусвету? Штодзень накрыты стол, на якім няма нястачы. Мабыць, не госцем зайшоў той няшчасны на вяселле, апрануты не ў радасць і сардэчнасць, а ў фанабэрыстасць і насцярожанасць: «Ну, паглядзім, што ў вас тут... Чым кормяць? Якія напоі падаюць? Не падумайце, што я – адзін з вас, убогіх, я толькі з уласцівай мне ветлівасці прыйшоў».

І такім прыхадням Ты, Пане, кажаш «дружа»?.. Які цудоўны шанец апамятацца, скінуць з сябе цяжкія шаты фарысейства і апрануцца ва ўдзячнасць і любоў! Не маўчыце ж, не галадуйце, сядайце за стол.

 Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.