Пра мужнасць не толькі на Каляды |
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч |
21.12.2014 13:22 |
Аднойчы нараніцы я гатавала пончыкі. Кроіла на кавалачкі цеста, смажыла ў алеі, залацістыя перакладала на талерку з сурвэткай, пасыпала цукровай пудрай... Дзеці былі ў сваім пакоі, гулялі ў свае – планшэтныя, шчыра кажучы – гульні. Пончыкаў станавілася ўсё больш, а дзеці, вядома, не ішлі. І я думала, што зараз я іх паклічу бязгучна, потым, калі яны не пачуюць, да іх дойдзе смачны пах печыва, які прывабіць іх. Ім стане цікава, што там гатуецца. Нарэшце, яны ж галодныя там сядзяць, прыбягуць на кухню. Прыбег самы малодшы, паглядзеў, усміхнуўся радасна. “Пакліч астатніх”, – папрасіла я. Пабег і не вяртаецца. Загуляўся. Давялося выйсці ў калідор і паклікаць. “Зараз-зараз”, – быў адказ. Я недаверліва ўсміхнулася. Але прыбеглі хутка, мелі мужнасць выключыць планшэт. А можа, сапраўды згаладаліся... Бог, каб аднавіць свой запавет з людзьмі, прыйшоў на зямлю, дзе мы зачаравана гуляем у свае гульні. Так, мы не чулі Ягоны ціхі голас, не звярталі ўвагу на святасць і веліч Ягоных спраў, заглушалі свой голад, хоць гэта патрабуе немалых высілкаў. Ён прыйшоў, каб быць побач. Ці заўважым мы Бога, калі Ягонае прыйсце выклікае нашмат менш эмоцый, чым дэвальвацыя?.. Будзем шукаць Ягоныя вочы ці лічбы на цэнніках? Радасць ахіне сэрца ці расчараванасць? Тэрэса Клімовіч
|