Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Разгарнуць падарункі старога года
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
02.01.2015 13:42

З рознымі пачуццямі мы развітваемся са старым годам. З ноткай удзячнасці аглядаемся назад і перакладаем спадзяванні на год наступны, чакаем падарункаў... Але абмінаем нешта вельмі важнае ў мітуслівым гэтым чаканні. Нас бы здзівілі паводзіны людзей, якія, атрымаўшы прыгожы пакунак, не адкрываючы, адставілі яго ўбок і больш не ўспаміналі аб ім. Гэта ўвогуле цяжка ўявіць. А між тым мы так і робім.

Што значыць «удзячнасць за дар»? Па-першае, заўважыць яго, разгледзець, навучыцца карыстацца, калі гэтага патрабуе складаная рэч, і г.д. Па-другое, падзякаваць. Па-трэцяе, падзяліцца з іншымі тым добрым, што прынёс падарунак, прынамсі радасцю, калі ён вельмі прыватны.

Правесці стары год — не значыць толькі ўзняць за яго тост. Трэба разгарнуць Божыя падарункі, якія мы атрымалі за гэты час. Многія з іх можна зразумець толькі з цягам часу. Няўдачы, якія нечаму навучылі, паражэнні, які прымусілі задумацца, матэрыяльныя страты, якія вызвалілі. А колькі было сустрэч, прыгожых, добрых людзей, дапамогі, прабачэння, падтрымкі... Перажыць гэтыя светлыя моманты яшчэ раз, напоўніць сваё сэрца радасцю і ўдзячнасцю, дзівячыся зноў і зноў, якая вялікая Божая любоў да чалавека.

Новы год робіць першыя крокі якраз за Божым Нараджэннем. Усё зноў толькі пачынаецца, і кожнаму з нас дзень па дню пісаць сваю гісторыю. Няхай яна будзе напоўнена добрымі падзеямі, здарэннямі і падарункамі, адметнымі, непаўторнымі, шчодрымі, каб дзяліцца з тымі, каго давядзецца сустрэць, прымаць тое, чым дзеляцца іншыя, і дзякаваць штодня за безліч ласкаў Божых.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.