Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Самотнасць, духоўнае паглыбленне, праца
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
25.03.2015 01:38

Пра гэтыя тры справы і менавіта ў такой чарговасці разважае кардынал Аўгустын Бэа над укрытым жыццём Езуса Хрыста ў Назарэце. Кардынал піша аб сабе, сваёй святарскай самоце, патрэбе ў духоўным узрастанні, аб сваёй працы, якая і ёсць пакліканнем, але ад гэтага не робіцца лягчэйшай. Ягоныя думкі вельмі своечасова гучаць у пост, але не варта забывацца пра гэтыя справы і потым.

Самота – прабыванне сам-насам з Хрыстом, укрытае жыццё з Хрыстом у Богу (Кал 3, 3).

Самотнае жыццё ў дадзеным кантэксце не азначае адасобленасць ад людзей. Гэта жыццё чалавека, які не ганяецца за славай, уплывовасцю, усюды-прысутнасцю, але хоча выконваць Божую волю, застаючыся ў ценю. Самотнасць як уважлівасць і адкрытасць на ўсё, што адбываецца звонку і што прыходзіць у сэрца. Гэта засяроджанасць, якая спаглядае з верай на знешнія і ўнутраныя з’явы і падзеі.

Паглыбленне духоўнага жыцця
павінна весці да больш блізкіх адносінаў з Богам. У жыцці духоўным павінен быць прагрэс. Нечакана для мяне, кардынал не піша на гэтую тэму ніякіх узнёслых рэчаў, толькі заклікае пазбягаць руціннага стаўлення да малітвы, прытрымлівацца пэўнай дысцыпліны і арганізаванасці, але не дазваляць сабе прызвычаіцца. “Саліднасць” унутранага жыцця павінна вызначацца прагрэсам, а для гэтага трэба быць адкрытым на настаўленні іншых людзей, а іншымі словамі – на крытыку з кожнага боку, але з адной вельмі важнай умовай: калі толькі яна па сутнасці нясе ў сабе мудрасць.

 

У гэтым “рэцэпце” вельмі мала камфорту, адзін рэалізм. Самазахапленне вядзе не да паглыблення асобы, а да дэградацыі. І наадварот, чалавек, які рэзка ўскідваецца на кожную крытычную заўвагу, хутка згубіць шчырасць сваіх сяброў і знаёмых, а маючы хоць якую-небудзь уладу, непазбежна прыдбае лісліўцаў у сваім атачэнні. Нельга легкадумна страціць зычлівасць і прыязнасць сваіх блізкіх з-за сваёй жорсткасці, неаб’ектыўнасці, запальчывасці. Але і нервавацца з-за пустой крытыкі, якая мае на мэце толькі ачарніць, зняважыць, нашкодзіць, таксама пустая страта сіл і часу.

Нешта падказвае мне, што з такім успрыманнем крытыкі спакойнае жыццё будзе толькі сніцца, што няблага, калі разумець, што “спакойнае” ў дадзеным кантэксце азначае “бяздумнае”.

Праца.
Дарэчы, кардынал Аўгустын заклікае не марыць аб “святым спакоі”, калі гаворка ідзе аб працы для Бога. Гаворка не столькі аб адданасці і матывацыі, але аб разважлівасці, у першую чаргу, якая дапамагае ў арганізацыйных справах, камунікацыі з супрацоўнікамі, дэлегаванні паўнамоцтваў, планаванні і аналізе. Трэба ва ўсім шукаць канкрэтнай волі Божай, не існаваць з дня на дзень, ніводнай справы не рабіць “абы з рук”.

І напрыканцы – вельмі мудрая парада: працаваць належыць так, каб духоўнаму жыццю не шкодзіць. Усе клопаты, сумненні і справы ў малітве трэба даручаць Богу, калі ж толькі Ён – крыніца і мэта ўсяго.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.