Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пане, прабач ім…
Абарона жыцця і сям’і. Старонка Ул. Валаховіча
10.08.2011 14:37

Дзевяць гадзін раніцы. Аддзяленне неадкладнай гінекалогіі. Сёння маё малітоўнае дзяжурства ў абартарыі. Я размаўляю з жанчынай, на выгляд адукаванай і інтэлігентнай, якая прыйшла на аборт. Больш пакуль што нікога няма, і я ў такіх сітуацыях заўсёды карыстаюся шансам паразмаўляць:

—Чаму Вы вырашылі прыйсці на аборт?
—Таму што пакуль што нам досыць аднаго дзіцяці.
—А колькі ж гадоў старэйшаму?
—Пяць.
—Вам няма дзе жыць?  
—Ёсць.
—Не хапае грошай?
—Хапае.
—А муж ведае, што вы жадаеце зрабіць аборт?
—Ведае, і ён са мной згодны. Мы хочам нарадзіць дзіця не цяпер, а праз некалькі гадоў. 
—А вы ведаеце аб бясплоднасці і іншых наступствах аборту, аб граху дзетазабойства, аб постабортным сіндроме?
—Ведаю, але імкнуся аб гэтым не думаць.

Пра што тут можна яшчэ казаць. Застаецца толькі маліцца: «Пане, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць».

Класічны выпадак. Такіх гісторый за два гады малітвы ў абартарыях мы чулі сотні. Мала хто задумваецца аб тым, што большасць абортаў здзяйсняюць не распусныя жанчыны, не пакінутыя маладыя дзяўчыны і не з-за нейкіх медыцынскіх паказанняў. Часцей за ўсё на аборт прыходзяць жанчыны, у якіх усё нібыта ў парадку:  ёсць муж, адзін або два дзіцяці, машына, кватэра і гэтак далей. Проста ў іх ёсць жыццёвы план, і ў гэты план не ўпісваецца чарговае дзіця. І справа тут зусім не ў беднасці, на якую ўсё скардзяцца па любой прычыне. І не ў экалогіі.  Усё значна глыбей і страшней.

Пакаленне сённяшніх бабуль кажа аб тым, што ў іх часы яны не ведалі, што аборт — гэта забойства іх дзіцяці. Сучасныя «абортніцы» (як іх называе медперсанал абартарыя) добра ведаюць аб тым, што абортам яны заб’юць не рыбку, не чарвячка, не камяк клетак. Гэтае дзіця яны ўжо бачылі на УГД, ведаюць, як яно развіваецца. А таму вельмі цяжка ім знайсці апраўданне, бо на аборт яны ідуць таму, што сябе і свой спакой яны любяць больш, чым  гэтае дзіця, для якога трэба будзе знайсці час і сілы, якому трэба будзе аддаць частку сябе.

Хрысціянам, а асабліва тым, хто ніколі не рабіў аборты, вельмі цяжка зразумець і прабачыць такіх жанчын. Вельмі лёгка пачаць асуджаць, бо вось ён, грэх, бачны, як на далоні! І тут крыецца вялізная духоўная небяспека.

Як мы можам асуджаць іх? Бо калі разабрацца, то ў тым, што гэтая жанчына прыйшла на аборт, ёсць і наша віна. Дзе было наша хрысціянскае сведчанне аб святасці чалавечага жыцця з моманту зачацця?

Мы жывём у грамадстве, дзе аборты сталі штодзённай справай шмат гадоў таму, але мы імкнёмся аб гэтым не думаць. Мала ў якой сям’і не было трагедыі дзетазабойства, але мы імкнёмся не варушыць мінулае. Але як можна аб гэтым маўчаць? Бо вядома з Бібліі, што сама кроў нявінназабітых дзяцей крычыць да Бога з зямлі (пар. Быц 4,10). А тым больш павінны аб гэтым крычаць мы, хрысціяне, — соль зямлі і святло свету. Калі б прынамсі хрысціяне сведчылі аб тым, што мы за жыццё, што мы народзім усіх дзяцей, якіх Бог даў, свет бы змяніўся.

Язычнікі ў Рымскай імперыі бачылі сведчанне хрысціян і казалі: «глядзіце, як яны любяць адно аднаго»! І Рымская імперыя стала хрысціянскай.

Цяпер мы жывём у постхрысціянскім свеце, у часы новага язычніцтва. Калі сённяшнія язычнікі змогуць сказаць пра хрысціян: «глядзіце, як яны любяць дзяцей», заўтра ж свет будзе хрысціянскім. Вось яна, новая евангелізацыя.

Але пакуль гэта адбудзецца, нам яшчэ доўга трэба будзе маліцца аб людзях вакол нас: «Пане, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць».

Уладзіслаў Валаховіч


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.