Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскупы наведалі ватыканскія кангрэгацыі
Беларусь
13.12.2009 00:24
12 снежня 2009 г. у межах візіту біскупаў Беларусі да Апостальскіх парогаў распачалося наведванне іерархамі ватыканскіх кангрэгацый. Сустрэча ў кожнай з іх трывала каля гадзіны.

Першай кангрэгацыяй, якую наведалі біскупы, была Кангрэгацыя па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Падчас размовы з кіраўніцтвам кангрэгацыі было вырашана працаваць над утварэннем канферэнцыі прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў. Была падкрэслена неабходнасць  манаскай фармацыі менавіта ў Беларусі, а не за яе мяжамі. Размова таксама ішла аб магчымасці ўтварэння ў нашай краіне міжманаскай духоўнай семінарыі.

Было падкрэслена, што манаскія супольнасці павінны браць больш актыўны ўдзел у выхаванні пакліканняў да дыяцэзіяльнага святарства. Размова ішла таксама аб падпісанні дамовы паміж дыяцэзіяй і манаскімі супольнасцямі, якія займаюцца душпастырствам у парафіях. Дамова павінна прадугледжваць перспектыву дзейнічання парафіі ў тым выпадку, калі манаская супольнасць адмаўляецца ад душпастырскай апекі над ёй.

Наступным ватыканскім ведамствам, у якім пабывалі біскупы, стала Кангрэгацыя па справах Духавенства. Кіраўніцтва кангрэгацыі выказала ўдзячнасць беларускім святарам і вернікам за прыклад веры і яе сведчанне ў часы пераследаў. Гаварылася аб патрэбе інтэнсіфікацыі малітвы аб пакліканнях. Сучасным святарам належыць адрознівацца місійным духам. Менавіта праз святароў Касцёл павінен стаць бліжэй да людзей. Існуе вялікая неабходнасць душпастырства моладзі, студэнтаў, інтэлігенцыі, сем’яў, а таксама развіцця катэхізацыі, якая мае на ўвазе не толькі тэарэтычны ўзровень — набытыя веды павінны станавіцца фундаментальнымі жыццёвымі прынцыпамі. Між іншым, падчас сустрэчы былі разгледжаны некаторыя пытанні практычнай дзейнасці парафій у Беларусі.

Наступнай была Кангрэгацыя Каталіцкай Адукацыі. Кіраўніцтва ведамства падкрэсліла неабходнасць стварэння ў духоўных семінарыях сямейнай і сяброўскай атмасферы. Сёння роля духоўнаго айца ў падрыхтоўцы новых святароў з’яўляецца фундаментальнай. Кожны пробашч павінен несці асабістую адказнасць за душпастырства пакліканняў. Пробашч з’яўляецца галоўным натхніцелем пакліканняў. Калі гэтага не будзе, не дапамогуць нават самыя лепшыя праграмы і праекты. Увага была засяроджана на адукацыі мясцовых выкладчыкаў і далучэнні семінарый да універсітэтаў, перш за ўсё рымскіх.

У гэты ж дзень арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці папы Бэнэдыкта XVI кардыналам Тарчызіо Бэртонэ.
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме