Міжнародная партнёрская канферэнцыя «25 год пасля Чарнобыля» распачалася экуменічнай малітвай |
Экуменізм |
18.04.2011 15:41 |
Сёлета спаўняецца 25 год з моманту аварыі на Чарнобыльскай АЭС. З гэтай нагоды з 17 па 20 красавіка 2011 г. у мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры IBB праходзіць Міжнародная партнёрская канферэнцыя «25 год пасля Чарнобыля». Распачалася канферэнцыя малітвай прадстаўнікоў розных канфесій. У набажэнстве прынялі ўдзел супрацоўнікі больш за 400 дабрачынных арганізацый, каля 600 ліквідатараў і перасяленцаў з заражанай зоны. У экуменічным набажэнстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, Беларускай Праваслаўнай Царквы, а таксама Евангельска-лютэранскай Царквы ў Германіі. Набажэнства адбылося ў праваслаўным храме ў гонар іконы Маці Божай Усіх смуткуючых Радасць, заснаваным у 5-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС. «Разважаючы пра былое, маё сэрца з болем сведчыць, што грэх, які прывёў нас да Чарнобылю, працягвае дзейнічаць і цяпер», — адзначыў у сваім прывітальным слове Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Наступствам граху, па словах Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, з’яўляюцца і падзеі ў мінскім метро 11 красавіка — выбух, які «не быў ядзерным», але «духоўным». «Гэта азначае, — працягваў Мітрапаліт Філарэт, — што мы, хрысціяне, недастаткова молімся, недастаткова ўважліва ставімся адно да аднаго». Падчас набажэнства да прысутных звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Здавалася, што чарнобыльская катастрофа, якая ўвайшла ў нашае жыццё, як злодзей, пазбавіла людзей надзеі на будучыню. Аднак у хрысціяніна заўсёды павінна быць надзея, нават насуперак надзеі — як сцвярджае св. апостал Павел», — адзначыў каталіцкі іерарх. Мітрапаліт Кандрусевіч назваў гісторыю «настаўніцай жыцця» і заклікаў памятаць таксама пра «духоўны Чарнобыль», выражэннем якога сталі ганенні на веру на працягу трох пакаленняў. «Гэтыя два чарнобыльскія ўрокі не павінны прайсці дарма. Мы павінны памятаць пра небяспеку, якую нясе дабравольны адыход ад Бога і звязаныя з гэтым працэсы маральнага рэлятывізму», — дадаў арцыбіскуп. Поўны тэкст выступлення Мітрапаліта Кандрусевіча на рускай мове >>> Прадстаўнік Лютэранскай евангелічнай Царквы ў Германіі пастар Герберт Вольхютэр, у сваю чаргу, нагадаў, што зямля належыць Богу, а чалавек жыве на ёй часова. «Аднак што мы, людзі, зрабілі з гэтай зямлёй? Шмат карыснага і адначасова шмат шкоднага. Мы даследавалі таямніцы энергіі і паставілі яе на служэнне чалавеку. Аднак то тут, то там у гарадах і вёсках выпраменьваецца радыяцыя», — дадаў пастар Вольхютэр, заклікаючы прысутных да разважання над прычынамі экалагічных праблем. На заканчэнне набажэнства была прачытана малітва за ахвяраў трагедыі прадстаўнікамі трох канфесій. У ходзе канферэнцыі, якая працягнецца да 20 красавіка, удзельнікамі будуць абмеркаваны магчымасці далейшага супрацоўніцтва ў сферы ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС. |
Фотарэпартаж |