13 красавіка ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Крупаве біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч узначаліў святую Імшу, падчас якой удзяліў сакрамэнт канфірмацыі вернікам гэтай парафіі і парафіі Cв. Марыі Магдалены з Валдацішак. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі 83 чалавекі.
Ксёндз Раман Катлімоўскі ў гаміліі засяродзіўся на тэме веры Марыі Магдалены, якая заўсёды шукала Хрыста. Святар заахвоціў кожнага з вернікаў, каб і сёння яны прагнулі шукаць Бога: «Калі мы любім Хрыста, любоў да Яго становіцца апорай і фундаментам у хвіліны крызісу веры». Таксама кс. Катлімоўскі заклікаў чуць голас Езуса і бачыць Яго ў іншым чалавеку: «Сапраўдная любоў бачыць Хрыста ў нашым бліжнім, а калі гэтага няма — значыць мы абыякавыя да патрэбаў іншых».
Біскуп Аляксандр Кашкевіч дзякаваў Богу за 22 гады біскупскага служэння і за партыкулярны Касцёл у Гродне. Першым ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі быў прызначаны менавіта біскуп Кашкевіч, што да гэтага часу з’яўляўся пробашчам парафіі Св. Духа ў Вільні.
Галоўным намерам папы Яна Паўла ІІ пры стварэнні Гродзенскай дыяцэзіі было аднаўленне рэлігійнага жыцця вернікаў Каталіцкага Касцёла, якое на працягу дзясяткаў гадоў тут знішчалася і занядбоўвалася.
Напрыканцы літургіі дэкан Лідскі кс. прэлат Вінцэнт Лісоўскі выказаў віншаванні гродзенскаму ардынарыю з нагоды 22-годдзя біскупскага служэння і прамовіў малітву ў інтэнцыі іерарха.
«Будзем разам несці крыж, які быў мне давераны», — з гэтымі словамі звярнуўся біскуп Кашкевіч да ўдзельнікаў Імшы. Іерарх дадаў, што, разам ствараючы Касцёл у Гродне, святары і вернікі будуюць сям’ю дзяцей Божых, падзякаваў за малітву і пажаданні і папрасіў аб далейшай малітве, каб «належным чынам мог весці ўсіх давераных яму да спаткання з уваскрослым Езусам». Біскуп заахвоціў да адказнасці за Касцёл, да перадачы веры і да дапамогі святарам у абвяшчэнні Божага слова.
Звяртаючыся да тых, хто прымаў сакрамэнт канфірмацыі, біскуп адзначыў, што Крупава ў гэты дзень стала Вячэрнікам, дзе здзейсніўся цуд унутры чалавека, які «можа ўбачыць толькі вачыма веры: вы атрымалі Духа Святога, які робіць нас здольнымі да сапраўднага вызнавання веры, яе абароны і жыцця паводле яе».
Кс. Юрый Марціновіч
|