Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст біскупа Антонія Дзям’янкі на распачацце катэхетычнага года 2012/2013
Іерархі
31.08.2012 11:28

Пастырскі ліст на польскай мове >>>

«Кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены. Але як будуць заклікаць Таго, у якога не паверылі? Альбо як павераць у Таго, пра якога не чулі? Але ж як змогуць пачуць, калі ніхто ім (Яго)не абвяшчаў?» (пар. Рым 10, 13n).

Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Горача вітаю ўсіх вас, хто прымае ўдзел у перадачы веры маладому пакаленню. Вітаю як святароў, так і кансэкраваных асоб, вітаю свецкіх катэхетаў і бацькоў, якія з’яўляюцца першаснымі пераказчыкамі веры для сваіх дзяцей, вітаю таксама дзяцей і моладзь, яія прагнуць сапраўдных ведаў і моцнай веры.

Дзякуем Божаму Провіду за час адпачынку ад працы, ад школьных заняткаў, праведзены з Хрыстом. З удзячнасцю спаглядаю на тых, хто арганізоўваў канікулы і летнікі для дзяцей і моладзі, спалучаныя з малітвай, пазнаваннем Бога і галоўных праўдаў святой веры. Пачуццём бацькоўскай любові ахінаю ўсіх тых, хто захацеў свой вольны час правесці па-хрысціянску.

Сёння распачынаем наступны, новы этап нашага жыцця, чарговы катэхетычны год. Год, які, спадзяюся, будзе таксама плённым, як і папярэдні. Год, у якім пачуеце новыя веды і, дай Божа, угрунтуецеся ў святой веры і ў любові да Езуса Хрыста і да іншага чалавека.

У мінулым годзе, 16 кастрычніка, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI паведаміў, што 11 кастрычніка 2012 года распачнём Год веры, які будзе прывязаны да 50-й гадавіны распачацця Другога Ватыканскага Сабору, а таксама да 20-й гадавіны ўзнікнення Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Святы Айцец прагне, каб Касцёл нанова знайшоў шляхі веры і распаліў у сабе «радасць і адноўлены энтузіязм сустрэчы з Хрыстом». Заахвочваю ўсіх, хто навучае праўдам веры і хрысціянскай маральнасці, і тых, хто прымае гэтае навучанне, да разважання ў Годзе веры над зместам дакументаў Сабору, якія ўсцяж актуальныя і прыносяць свежае веянне ў пілігрымцы да Хрыста. Заахвочваю ўсіх да карыстання Катэхізісам Каталіцкага Касцёла ў рэфлексіі над фундаментальным зместам святой веры. Папа заклікае да здабывання рэлігійных ведаў перадусім пры дапамозе дакументаў Другога Ватыканскага Сабору і Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, але таксама навучае: «веданне зместу, у які належыць верыць, замала, калі пазней гэтае сэрца, сапраўдны санктуарый чалавека, не адкрыта на ласку, якая дазваляе мець вочы, каб спаглядаць на глыбіню і зразумець, што тое, што было прадстаўлена, з’яўляецца Божым Словам» (Portafidei, № 10). Вера — гэта перадусім асабовае спатканне з Богам, Айцом, Сынам і Духам Святым, які — як навучае нас пра гэта Евангелле — прагне жыць у сэрцы чалавека.

У пачатку майго паслання я прыпомніў словы св. Апостала Паўла, з якімі звяртаецца да Рымлянаў: «Кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены. Але як будуць заклікаць Таго, у якога не паверылі? Альбо як павераць у Таго, пра якога не чулі? Але ж як змогуць пачуць, калі ніхто ім (пра Яго)не абвяшчаў?» (пар. Рым 10, 13n).

Такім чынам бачым, што ўмовай веры з’яўляецца слуханне слова. Аднак жа, каб пачуць, трэба абвяшчаць. Як ведаем, Добрую Навіну абвяшчалі спачатку прарокі, пазней Евангелле Любові абвяшчаў Езус Хрыстус. Ён таксама паклікаў Апосталаў, якім перадаў уладу навучання, і паслаў іх абвяшчаць Божае слова ўсім людзям. Тыя, у сваю чаргу, хто прыняў слова Божае і стаў членам Касцёла, таксама пакліканы да абвяшчэння Добрай Навіны — Евангелля. Сярод іх знаходзяцца перадусім бацькі, якія ў дзень заключэння сужэнства прынялі на сябе абавязак выхаваць сваіх дзяцей у веры Касцёла. Гэты абавязак яны аднаўляюць падчас хросту дзіцяці. Ад бацькоў залежыць, ці навучыцца дзіця, можа, яшчэ не разумеючы да канца гэтага сімвалу, чыніць знак крыжа. Ад іх залежыць, ці навучыцца іх дзіця маліцца і ці прыступіць да першых святых сакрамэнтаў. Тут трэба ўзгадаць, што гэты ж абавязак маюць таксама ўсе, хто прыроўнены да бацькоў, а менавіта апекуны пакінутых дзяцей і сірот.

Да шэрагу выхавацеляў у веры належаць таксама і тыя, хто моцай сваёй пасады атрымліваюць місію навучання ў Касцёле. Такім чынам, першым навучаючым з’яўляецца Святы Айцец, потым біскупы, святары, дыяканы і кансэкраваныя асобы. Касцёл рыхтуе таксама свецкіх, якія, атрымліваючы кананічную місію, навучаюць ад ягонага імя; тут маю на ўвазе свецкіх катэхетаў, без якіх навучанне ў шматлікіх нашых парафіях было б недастатковым. Таму важнай ёсць пракламацыя і падтрымка касцёльных навучальных устаноў, якія маюць на мэце адукацыю і падрыхтоўку свецкіх вернікаў да пераказу зместу веры маладому пакаленню. У нашай дыяцэзіі існуе Катэхетычны каледж у Баранавічах, які рыхтуе тых, хто адкрыў у сабе пакліканне Хрыста быць катэхетамі. Я ўдзячны тым, хто вядзе гэтую ўстанову, і тым, хто здабывае там веды, неабходныя для прафесійнага навучання.

Адрасатамі катэхетычнага навучання з’яўляюцца перадусім дзеці і моладзь. Да вас звяртаюся, мае дарагія, каб вы ахвотна прыходзілі на катэхетычныя заняткі. Яны дапамогуць вам не толькі падрыхтавацца да прыняцця сакрамэнтаў у Касцёле, але і дапамогуць стварыць і развіваць праўдзівае, г. зн. жывое сяброўства з Езусам Хрыстом.

Урэшце, як паказвае вопыт, катэхетычныя заняткі ўчыняць вас здольнымі даць адпор пагрозам, з якімі вам прыйдзецца змагацца ў штодзённым жыцці. Аднак жа катэхеза не можа абмежавацца адрасатамі, якімі з’яўляюцца дзеці і моладзь. Трэба, каб катэхезай былі агорнуты таксама дарослыя, а менавіта студэнты, працуючая моладзь і бацькі. Таму важна, каб парафіяльныя супольнасці арганізоўвалі такія катэхезы для дарослых. На пытанне, ці Хрыстус важны ў маім жыцці, а калі так, то наколькі важны, сёння павінен сабе адказаць кожны, незалежна ад узросту і адукацыі. Асабістае дасведчанне Бога не можа быць сёння толькі прыватнай справай. Чытаем у лісце Папы «Porta fidei», што «вера азначае ўдзел і публічнае сведчанне. Хрысціянін ніколі не можа думаць, што вера — гэта прыватная справа» (№10). Вера патрабуе адказнасці ў грамадскім вымярэнні, і Касцёл паказвае з усёй верагоднасцю гэтае публічнае вымярэнне веры і абвяшчэнне без боязі сваёй веры кожнай асобе. «Гэта, — адзначае Папа, — дар Духа Святога, які робіць здольным да абвяшчэння і ўмацоўвае нашае сведчанне, робячы яго руплівым і адважным». Такім чынам, катэхеза неабходна чалавеку на кожным этапе ягонага жыцця для таго, каб вызнаванне ягонай веры было руплівым і адважным. Гэтага патрабуе ад нас Хрыстус і Ягоны Касцёл.

Вяртаючыся яшчэ раз да апостальскага ліста Бэнэдыкта XVI «Porta fidei», што азначае «Брамы веры», у якім абвясціў у Касцёле Год веры, прашу, каб сёлетняя катэхеза звярнула асаблівую ўвагу на той змест, у якім заключана гісторыя нашай веры.

Дарагія святары, кансэкраваныя асобы і свецкія катэхеты! Катэхізуючы, памятайце, што, так, «важна, у што верым, але яшчэ важней, каму верым». Дарагія дзеці, моладзь і дарослыя, што прымаеце ўдзел у катэхезе! Памятайце, што інфармацыя, якую чуеце на катэхетычных занятках, мае на мэце дапамагчы вам стварыць глыбокую і праўдзівую сувязь з Езусам Хрыстом. А праўдзівая сувязь, фундаментам якой з’яўляецца давер, дапаможа вам будаваць сваё штодзённае жыццё.

Аддаючы ўсіх вас апецы Марыі, якая ёсць Сталіцай Мудрасці і Маці на шляхах веры, ад сэрца благаслаўляю: у імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі


Пінск, 22 жніўня 2012 г.
Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы


Гэтае пасланне трэба прачытаць ва ўсіх святынях Пінскай дыяцэзіі ў бліжэйшую нядзелю верасня пасля яго атрымання на ўсіх святых Імшах.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію