«З Марыяй у новы навучальны год»: адбылася пілігрымка дзяцей і моладзі ў Капцёўку |
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія |
17.09.2012 12:43 |
У трэцюю нядзелю верасня адбываецца пешая пілігрымка дзяцей і моладзі Гродна і ваколіц у санктуарый Маці Божай Яснагорскай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы. Сёлета падарожжа пад дэвізам «З Марыяй у новы навучальны год» прайшло 16 верасня. У пілігрымцы ўдзельнічала вельмі шмат дзяцей і моладзі разам з бацькамі і апекунамі. Да Узгорка Надзеі ў Капцёўцы крочылі таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне са сваімі духоўнымі кіраўнікамі і настаўнікі, якія вырашылі распачаць новы працоўны год малітвай і адданнем сябе ў апеку Маці Божай. Падчас шляху пілігрымы звярталі да Панны Марыі свае просьбы. Андрэй (8 гадоў), які падарожнічаў у Капцёўку разам з мамай, маліўся аб тым, каб у гэтым годзе ў яго палепшыліся справы з матэматыкай. Алёна (7 гадоў) сёлета пайшла ў першы клас і прасіла Марыю аб добрых аднакласніцах, з якімі зможа сябраваць і дапамагаць адна адной. Карына (10 гадоў) хоча ў гэтым годзе лепш пазнаць падчас катэхезы Езуса Хрыста і жадае, каб Ён дапамагаў ёй быць добрай дзяўчынкай дома, у школе і даваць добры прыклад сваім равеснікам. Ірэна (16 гадоў), для якой гэты навучальны год у школе апошні, ні хвіліны не думаючы прызналася, што гэты год для яе асаблівы. «Мяне чакае вялікі высілак, вельмі шмат вучобы і працы, бо я хацела б атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой», — сказала дзяўчына. Наталля, маці дваіх дзяцей і настаўніца беларускай мовы, адзначыла, што праца з дзецьмі прыносіць ёй вялікую радасць і што яна ўсведамляе свой удзел у працэсе навучання і выхавання будучых грамадзян нашай краіны. «Часта ўзгадваю словы Яна Паўла ІІ: „Патрабуйце ад сябе, нават калі б іншыя ад вас не патрабавалі“. Я стараюся патрабаваць найперш ад сябе, а затым ужо ад маіх падапечных на занятках. Сёння нам не хапае аўтарытэтаў, якія маглі б быць добрымі прыкладамі для дзяцей і моладзі — заўтрашняга дня і будучыні нашага народа», — падзялілася думкамі Наталля. |
Фотарэпартаж |