Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Капцёўцы адзначалася 70-годдзе смерці першага пробашча і заснавальніка парафіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
27.03.2012 14:49

25 сакавіка 2012 г. вернікі парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Капцёўцы, дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Чэнстахоўскай, адзначалі 70-годдзе смерці першага пробашча і заснавальніка парафіі кс. Яна Храбоншча-Храбеньскага.

Урачыстасці з удзелам святароў, семінарыстаў і шматлікіх вернікаў узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

На пачатку святой Імшы да прысутных звярнуўся кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі. Святар узгадаў жыццёвы шлях кс. Яна Храбеньскага. Гамілію прамовіў віцэ-афіцыял біскупскага суда ў Гродне кс. Павел Урбан, які ў гэты дзень распачаў у парафіі рэкалекцыі. Ксёндз Урбан прапанаваў вернікам паразважаць аб сутнасці святарства і аб ролі святара ў грамадстве, адзначыўшы, што святар з’яўляецца мостам, які злучае два берагі — Бога і чалавека.

На заканчэнне літургіі біскуп Кашкевіч заахвоціў вернікаў у дні Вялікага посту з асаблівай увагай узірацца ў крыж, на якім адбылося збаўленне свету. Іерарх нагадаў, што кожны чалавек павінен несці штодзённы крыж сваіх абавязкаў і спраў.

Ксёндз Ян Храбеньскі нарадзіўся 20 кастрычніка 1906 г. у Імельне (Польшча). Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Вільні. 4 чэрвеня 1933 г. атрымаў святарскае пасвячэнне з рук арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага. Быў накіраваны ў парафію ў Поразаве. Пасля працаваў вікарыем у гродзенскім фарным касцёле.
 
4 ліпеня 1936 г. арцыбіскуп Ялбжыкоўскі прызначыў кс. Храбеньскага пробашчам новаўтворанай парафіі ў Капцёўцы. Тут святар пабудаваў капліцу і прыступіў да будаўніцтва плябаніі і мураванага касцёла.

Перад пачаткам Другой сусветнай вайны стаў вайсковым капеланам у званні капітана ў Сувалках. Падчас вайны як капелан прымаў удзел у ваенных дзеяннях і быў узнагароджаны Крыжом за адвагу. Пасля ў лагеры, несучы дапамогу хворым на тыф суайчыннікам, захварэў і памёр ва ўзросце 36 гадоў у 1942 г. Пахаваны на вайсковых могілках у Якабагу (Узбекістан).

Варта адзначыць, што за 4 гады сваёй працы ў Капцёўцы кс. Храбеньскі зрабіў там вельмі шмат. Клапоцячыся аб будаўніцтве святыні, душпастыр дбаў таксама аб духоўным жыцці вернікаў. На ўрачыстасці прысутнічалі людзі, якія ведалі свайго былога пробашча. «Памятаю, як, будучы дванаццацігадовай дзяўчынкай, хадзіла да кс. Яна на катэхетычныя заняткі. Ён заўсёды меў час для нас, дзяцей, любіў бавіць свае вольныя хвіліны з намі, жыў для нас, бо мы былі яго сям’ёй», — такімі словамі ўзгадала спачылага адна з яго парафіянак.

Два гады таму касцёл у Капцёўцы дэкрэтам біскупа Аляксандра Кашкевіча быў прызначаны санктуарыем Маці Божай Чэнстахоўскай. У пешых пілігрымках да санктуарыя, якія адбываюцца ў маі, удзельнічаюць маці, жанчыны, дзяўчыны, у чэрвені — мужчыны, у верасні, на распачацце новага навучальнага і катэхетычнага года, — дзеці і моладзь.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме