Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Капцёўцы адбыўся Дыяцэзіяльны дзень маці
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.05.2012 13:14

Ужо некалькі гадоў у Гродзенскай дыяцэзіі ў першую нядзелю мая адзначаецца Дыяцэзіяльны дзень маці. Галоўныя ўрачыстасці, падчас якіх вернікі моляцца за ўсіх маці, як жывых, так і памерлых, адбываюцца ў Капцёўцы. Два гады таму касцёл у Капцёўцы дэкрэтам біскупа Аляксандра Кашкевіча быў прызначаны санктуарыем Маці Божай Чэнстахоўскай.

Сёлета Дзень маці адбыўся 6 мая. Пешая пілігрымка з Гродна ў Капцёўку, у якой удзельнічалі бацькі з дзецьмі, святары і семінарысты, распачалася ранішняй святой Імшой у гродзенскім францішканскім касцёле. Пілігрымы мелі з сабой копію абраза Езуса Міласэрнага, перэгрынацыя якой па парафіях дыяцэзіі адбываецца з 2011 г.

На Узгорку надзеі ў Капцёўцы пілігрымаў прывітаў былы кусташ санктуарыя кс. Лешэк Дамагала і сённяшні кусташ кс. Міхал Ластоўскі. Па запрашэнні біскупа Кашкевіча ў Капцёўку прыбыў і Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Біскуп Кашкевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, нагадаў гісторыю касцёла ў Капцёўцы, заснавальніка і першага пробашча парафіі кс. Яна Храбоншча-Храбеньскага, 70-годдзе смерці якога адзначалася 25 сакавіка гг. Іерарх узгадаў таксама пра ахвярнае служэнне пазнейшага пробашча кс. Лешэка Дамагалы, стараннямі якога касцёл быў адноўлены і ўпрыгожаны.

Гамілію падчас урачыстай святой Імшы прамовіў арцыбіскуп Гуджэроцці. «Вялікая радасць для мяне сустракаць Божы народ, гарачы ў сваёй веры», — адзначыў прадстаўнік Святога Айца. Іерарх засяродзіў увагу вернікаў на аспектах бацькоўскага паклікання. Вельмі небяспечна, падкрэсліў арцыбіскуп, калі самыя важныя асобы ў жыцці дзіцяці сварацца між сабой — у выніку гэтага свет дзіцяці рушыцца.

«Касцёл вельмі ўдзячны за ваш высілак у сям’і, за тое, што вы захацелі мець дзяцей», — такія словы скіраваў нунцый да бацькоў. Сёння, працягваў іерарх, існуе тэндэнцыя не мець дзяцей наогул або мець адно дзіця. Разам з тым нельга забываць, што дзеці — гэта прыгожы дар самога Бога.

«Прашу, каб вашы сем’і заўсёды былі супакоем для вашых дзяцей, каб тыя заўсёды адчувалі, што дома іх чакаюць, што там для іх ёсць месца, — дадаў нунцый. — Месца не ў матэрыяльным, але ў духоўным сэнсе, дзе будзе панаваць супакой, любоў і жаданне вяртання». Таксама арцыбіскуп пажадаў удзельнікам свята заўсёды вяртацца «да Маці Божай Чэнстахоўскай, якая чакае вас тут, бо гэтае месца, якое яна сама абрала, з’яўляецца месцам святла, надзеі і мацярынства».

Трох чалавек — Стэфана Ядкоўскага, Юзафа Беразінскага і Паўла Клімука — нунцый узнагародзіў медалямі за іх вялікі ўклад на карысць Касцёла. Па словах біскупа Кашкевіча, яны з’яўляюцца людзьмі глыбокай веры, якія ў часы пераследу баранілі Касцёл.

Таксама ў межах свята маліліся ў інтэнцыі сем’яў дыяцэзіі і ўсёй нашай краіны.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме