Біскуп Дзям’янка ўзначаліў святую Імшу з нагоды гадавіны афіцыйнай рэгістрацыі парафіі Святога Барталамея, апостала, і святога Андрэя Баболі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
25.01.2010 17:33 |
24 студзеня 2010 г. дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антоні Дзям’янка цэлебраваў святую Імшу ў мінскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі. Гамілію іерарх прысвяціў духоўнасці і гісторыі Таварыства Каталіцкага Апостальства (палатынаў). Нагодай для ўрачыстага набажэнства стала гадавіна афіцыйнай рэгістрацыі мінскай парафіі Святога Барталамея, апостала, і святога Андрэя Баболі, у якой нясуць служэнне айцы палатыны. У літургіі ўдзельнічалі святары з усяго дэканату на чале з кс. дзеканам Андрэем Бародзічам і айцамі палатынамі з розных парафій. Пасля святой Імшы парафіяльная моладзь выканала тэатральную пастаноўку пад назвай «Мой паламаны Хрыстус». У гаміліі біскуп Дзям’янка згадаў аб духоўным заснавальніку супольнасці — святым Вінцэнце Палоцці, які працаваў у Рыме ў першай палове ХІХ ст. і, будучы заклапочаным станам і місіяй Касцёла, бачыў, што «не хапае людзей з апостальскім духам, якія б ажыўлялі рэлігію там, дзе яна згасае, і неслі яе туды, дзе аб ёй не ведаюць». Найбольш важным элементам як для святароў з супольнасці палатынаў, так і для ўсіх вернікаў біскуп назваў «наследаванне Хрыста, у якім за фундамент паслядоўнікі прымаюць Яго жыццё аж да ахвяры на крыжы і маюць надзею, што, паўстаўшы з мёртвых, разам з Ім дасягнуць найвышэйшай дасканаласці». |
Фотарэпартаж |