Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мінск: духоўныя практыкаванні па-францішканску
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
29.03.2010 16:11

21 сакавіка 2010 г. у кляштары сясцёр уршулянак, што ў Мінску (Навінкі), айцы францішкане, якія нясуць служэнне ў мінскай парафіі Святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Кольбэ (Кунцаўшчына), арганізавалі духоўныя практыкаванні для парафіяльнай моладзі. Праводзіў рэкалекцыі а. доктар Аляксандр Улас OFM Conv.

Дні духоўнага аднаўлення распачаліся канферэнцыяй, якую айцец рэкалекцыяніст прысвяціў тэме цнотаў, якімі Бог адарае кожнага чалавека. На дадзеную тэму ўдзельнікі сустрэчы працягвалі разважаць падчас гаміліі, прамоўленай святаром на святой Імшы. Рэкалекцыяніст растлумачыў маладым людзям, чым, паводле вучэння Касцёла, з’яўляецца цнатлівасць хрысціяніна, і як важна не проста казаць пра дабро, а сапраўды чыніць яго, жыць радасцю і адданасцю, якой чакаюць ад нас бліжнія і Збаўца.

Па словах удзельнікаў дня духоўнага аднаўлення, набажэнства Крыжовага шляху было непадобным да тых, якія ім даводзілася перажываць да гэтага: разважанні ў вершаванай форме спрыялі лёгкаму ўспрыманню на слых «словаў пакуты і надзеі, словаў любові і міласэрнасці», а таксама глыбокаму перажыванню набажэнства, якое з’яўляецца напамінам пра найвялікшую ахвяру.

У праграму духоўных практыкаванняў уваходзіла таксама адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Вяночак да Божай міласэрнасці і другая канферэнцыя. Завяршыліся аднадзённыя рэкалекцыі благаслаўленнем на далейшае жыццё, якое ўдзяліў Найсвяцейшым Сакрамэнтам а. Аляксандр Улас.

Моладзь выказала ўдзячнасць свайму душпастыру і тым, хто прычыніўся да арганізацыі дня асаблівай цішыні і малітвы, які стаў добрай падрыхтоўкай да велікодных урачыстасцяў. Шчырыя словы ўдзячнасці былі скіраваны і да с. Малгажаты і спадарыні Людмілы, якія пачаставалі шукаючых Бога смачным абедам.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме