Гісторыя святыні і абраза Маці Божай Будслаўскай |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
05.10.2012 14:35 |
Вёска Будслаў у архіўных запісах згадваецца пад назваю Буда або Слаўная Буда. Першая згадка пра яе датавана 1504 годам, калі Вялікі Князь Літоўскі Аляксандр Ягелон падарыў кляштару бэрнардынаў 600 моргаў лесу каля ракі Сэрвач. Спачатку тут пасяліўся адзін з братоў, а затым да яго далучыліся іншыя бэрнардыны, якія ў 1530 г. пабудавалі ў гэтым месцы невялікую капліцу. У 1591 г. у Слаўнай Будзе быў узведзены і кансэкраваны драўляны касцёл. Верагодней за ўсё, у гэты час тут з’явіўся абраз Маці Божай, які пазней быў названы абразом Маці Божай Будслаўскай. У 1598 г. яго атрымаў мінскі ваявода Ян Пац з рук папы Клімэнта VIII. Пасля смерці Яна Паца капелан Ісаак Салакай у 1613 г. перадаў абраз у кляштар айцоў бэрнардынаў. Вельмі хутка выява Маці Божай Будслаўскай стала адной з самых папулярных на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Змешчаны ў драўляным касцёле, гэты абраз з самага пачатку быў шанаваны простымі людзьмі і ў хуткім часе праславіўся шматлікімі цудамі і ласкамі. У 1635 г. ён быў перанесены ў галоўны алтар. Першы цуд апісаны ў 1617 г., калі сляпы пяцігадовы хлопчык Ёзафат Тышкевіч (пазней вядомы айцец кармэліт) атрымаў зрок. Вуглавы камень першага каменнага касцёла быў закладзены 28 верасня 1633 года. Святыня была кансэкравана 9 ліпеня 1643 года. Новы мураваны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі пры кляштары бэрнардынаў у Будславе пабудавалі ў 1767–1783 гадах. Трохнававая святыня з дзвюма вежамі была створана ў стылі позняга барока, увесь яе інтэр’ер быў аздоблены фрэскамі. Галоўны фасад дасягаў 50 метраў. У касцёле мелася 12 алтароў. Ён быў кансэкраваны 7 верасня 1783 года. У 1939 г. касцёл зачынілі, але яго ніколі не выкарыстоўвалі ў іншых мэтах, як гэта практыкавалася пры атэістычнай уладзе. Пасля вайны сюды час ад часу прыязджалі святары. У 1966–1974 гг. у святыні не было ніводнага ксяндза. Яе адраджэнне распачалося 2 ліпеня 1992 г., калі ў Будслаў прыбыла першая публічная пілігрымка. У 1994 годзе папа Ян Павел ІІ булаю надаў святыні тытул Базылікі Меншай, а ў 1998 г. кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай папскімі каронамі. Пасля акта каранацыі ён абвясціў будслаўскую святыню Нацыянальным санктуарыем Беларусі. Тады ж апеку над святыняю прынялі айцы бэрнардыны, вярнуўшыся сюды пасля працяглага перапынку. Сёння будслаўскі касцёл аб'яўлены помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. 1 ліпеня 2000 г. у Будславе адбыўся марыялагічны кангрэс. Кожны год на святкаванне ўрачыстасцяў у Будславе, якое з 2012 г. пераносіцца на першую пятніцу і суботу ліпеня замест традыцыйнага 2 ліпеня, прыбываюць дзясяткі тысяч вернікаў з усёй Беларусі і з замежжа (Расіі, краінаў Прыбалтыкі, Украіны, Польшчы і інш.). Перэгрынацыя копіі абраза Маці Божай Будслаўскай Крыніца: |