Валанцёры ў дзеянні: «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі запрашае да валанцёрскага служэння |
Беларусь - Віцебская дыяцэзія |
20.03.2013 11:57 |
«Вялікая радасць заключаецца ў тым, каб прысвяціць сябе служэнню іншым людзям. Таму няхай вас не хвалюе тое, чаго ў вас няма, — проста ідзіце і служыце людзям: трымайце іх рукі ў сваіх і выражайце любоў. Бо самы важны лек — гэта пяшчотная любоў і клопат. А міласэрнасць — гэта вялізная сіла, якая збліжае мацней за кроўнае сваяцтва і сяброўства». Гэтыя залатыя словы Маці Тэрэзы з Калькуты былі і будуць актуальныя ва ўсе часы. Аднак іх трэба расцэньваць не як прыгожую цытату, а як заклік да дзеяння. Менавіта на іх абапіраюцца валанцёры «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі ў працэсе сваёй працы, асноўным кірункам якой з’яўляецца дапамога дзецям, што знаходзяцца на лячэнні ў псіхіятрычным аддзяленні УАЗ «Віцебскі абласны клінічны цэнтр псіхіятрыі і наркалогіі». Наведваючы дзяцей у шпіталі, мы размаўляем з імі, гуляем у разнастайныя гульні, адгадваем загадкі і, канешне, малюем. Кім становяцца нашы валанцёры для сваіх падапечных? Гэтыя адносіны шматгранныя, іх няпроста растлумачыць якімсьці адным словам. Занадта шмат у іх усяго: і сустрэча розных пакаленняў, і сутыкненне з чужым горам, і вострая патрэба дзяцей у чалавечай увазе… Лепш за ўсё іх характарызуе слова CARITAS. Валанцёры сёння вельмі запатрабаваныя ў сацыяльнай сферы, прыкра толькі, што (дазволю сабе эканамічныя тэрміны) «попыт» моцна перавышае «прапанову». Менавіта таму кожны добраахвотнік для беларускага грамадства мае вялікую каштоўнасць. Калі ў вас ёсць жаданне быць карысным людзям, вы хочаце заслужыць грамадскі аўтарытэт — абавязкова паспрабуйце сябе ў валанцёрскім служэнні. Мы ўсяляк дапаможам у гэтай высакароднай працы: падкажам, навучым, падставім сяброўскае плячо. Чакаем вас у нашых шэрагах! Дзмітрый Шах |
Фотарэпартаж |