У 2015 г. Папа Францішак наведае Шры-Ланку і Філіпіны. Аб гэтым было афіцыйна абвешчана 29 ліпеня 2014 г. Візіт y Шры-Ланку адбудзецца 12-15 студзеня, а на Філіпіны - 15-19 студзеня.
Інтэрв'ю з Папам Францішкам апублікавана на старонках “Viva”, нядзельнага дадатку да аргенцінскай газеты “Clarín”. Спецыяльны выпуск прысвечаны Святому Айцу з нагоды першых 500 дзён яго Пантыфікату, якія завяршаюцца на гэтым тыдні. Малітва, праца, сям’я і дзеці, эмігранты, мір ва ўсім свеце, экалогія, – тэмы, якія закрануў Папа ў інтэрв’ю.
28 ліпеня 2014 г. Папа Францішак зноў наведаў Казерту (Італія), дзе быў з візітам у суботу, і сустрэўся з пастарам мясцовай пяцідзясятніцкай супольнасці Джавані Траэціна, сваім сябрам з часоў служэння ў Буэнас-Айрэсе. Сустрэча праходзіла ў пяцідзясятніцкім храме, які знаходзіцца на стадыі будаўніцтва.
“Тыя, хто ведае Езуса, хто сустрэў Яго асабіста, становяцца зачараванымі Ім, агорнутымі вялікай дабрынёй, бязмежнай праўдай, найвялікшай прыгажосцю, і ўсё гэта ў вялікай пакоры і прастаце”, - заўважыў Папа Францішак 27 ліпеня 2014 г. у разважанні перад малітвай “Анёл Панскі”. Пантыфік звярнуў увагу на прыпавесці Хрыста пра Божае Валадарства.
27 ліпеня 2014 г. пасля малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра Папа Францішак нагадаў аб гадавіне пачатку Першай сусветнай вайны, мільёнах смерцяў і велізарных разбурэннях, якія яна прынесла. Святы Айцец выказаў надзею, што, памятаючы гэтую трагічную падзею, свет не будзе паўтараць памылкі мінулага, прыме ўрокі гісторыі і будзе спрыяць мірнаму і мужнаму дыялогу.
Больш за 200 тысяч чалавек прынялі ўдзел 26 ліпеня 2014 г. у Імшы ў паўднёваітальянскім горадзе Казерта, які наведаў Папа Францішак. Пасля Лампедузы, Кальяры, Асізі, Касана-алё-Ёніё, Кампабаса і Ізэрніі гэта была шостая паездка Пантыфіка ў межах Італіі. Вядома, што Казерта і рэгіён лічацца цэнтрам арганізаванай злачыннасці.
Папа Францішак 25 ліпеня 2014 г. нечакана прыйшоў на абед у сталоўку для супрацоўнікаў Ватыкана і Святога Пасаду. Нароўні з усімі іншымі яе наведвальнікамі Пантыфік стаў у чаргу з падносам у руцэ і ўзяў “пятнічную” ежу – рыбу і пасту. Затым Святы Айцец сеў за адзін ca сталоў разам з некалькімі ватыканскімі служачымі.
24 ліпеня Папа Францішак прыняў у Доме св. Марты ў Ватыкане суданку Мэрыям Ях’я Ібрагім Ісхак, асуджаную ў сваёй краіне на смяротнае пакаранне за адмову ад ісламу, а затым вызваленую пад ціскам сусветнай грамадскасці. Яна прыбыла з мужам і двума маленькімі дзецьмі ў Рым. Жанчына цёпла падзякавала Святому Айцу за падтрымку, а Папа выказаў падзяку за яе сведчанне.
Святы Айцец з болем успрыняў паведамленне аб аварыі пасажырскага самалёта паблізу тайваньскага горада Магун. Ён накіраваў тэлеграму за подпісам кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна на імя арцыбіскупа Тайпэя, у якой Папа просіць перадаць свае шчырыя спачуванні сем’ям ахвяр катастрофы, запэўнівае ў малітве за ўсіх пацярпелых і складае пажаданні суцяшэння, сілы і спакою.
Душпастырская апека сям’і павінна быць заснавана на праўдзе, нагадаў кс. Лівіа Меліна, кіраўнік Папскага інстытута Яна Паўла II па даследаванні сужэнства і сям’і, у кантэксце маючага адбыцца пасяджэння Сінода Біскупаў. Гэта ўстанова актыўна ўключылася ў падрыхтоўку да асамблеі, якая збярэцца ў Ватыкане ў кастрычніку 2014 г.
Святы Пасад у трэці раз арганізуе Сусветны кангрэс касцёльных рухаў і новых супольнасцяў. Ён адбудзецца гэтай восенню. Для ўдзелу ў форуме, які пройдзе 20-22 лістапада ў Ватыкане, ужо зарэгістраваліся прадстаўнікі больш чым 80 супольнасцяў з усіх кантынентаў. Арганізатарам мерапрыемства пад назвай «Радасць Евангелля — місійная радасць» з’яўляецца Папская рада па справах свецкіх. Папа Францішак неаднаразова выказваў асаблівую ўдзячнасць касцёльным рухам і новым супольнасцям за іх місію ў абвяшчэнні Евангелля ў сучасных умовах.
Чалавек малітвы, абвяшчэння евангелля і сведчання, але, перш за ўсё, «пастыр з пахам авечак, што значыць, блізкі да людзей», — такімі якасцямі павінен валодаць біскуп на думку Папы Францішка, падзяліўся ў інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” кардынал Марк Уэле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў.