Кроў забітых законніц павінна стаць семем надзеі для будаўніцтва сапраўднага братэрства, – такую перакананасць Папа Францішак выказаў у тэлеграме, скіраванай з прычыны варварскага забойства ў афрыканскім Бурундзі трох італьянскіх місіянерак – с. Лючыі Пулічы, с. Вольгі Раскецці і с. Бернардэты Боджан – на імя Генеральнай настаяцельніцы Місійнага таварыства Марыі, да якога належалі законніцы.
У ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў на тэму душпастырскіх выклікаў, звязаных з сям’ёй у кантэксце евангелізацыі, якая пройдзе ў Ватыкане 5-19 кастрычніка 2014 г., прымуць удзел не толькі іерархі і эксперты ў сацыяльных навуках, але і сужэнскія пары. Пра гэта паведаміў у інтэрв’ю інтэрнэт-парталу “Vatican Insider” старшыня Папскай рады па справах сям’і арцыбіскуп Вінчэнца Палья.
Павага, дыялог і супрацоўніцтва – тая зброя, якой можна перамагчы войны, падкрэсліў Папа Францішак у пасланні да ўдзельнікаў “Міжнароднай сустрэчы за мір”, якая праходзіць 7-9 верасня 2014 г. у Антверпене (Бельгія) па ініцыятыве экуменічнай Супольнасці св. Эгідзія. У мерапрыемстве прымаюць удзел прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, а таксама лідары іншых рэлігій.
“Сярод характарыстык, якія аб’ядноўваюць удзельнікаў эўхарыстычнай цэлебрацыі, ёсць дзве фундаментальныя – дзве характарыстыкі добрага ўдзелу ў Імшы: мы ўсе грэшнікі і Бог дае сваю міласэрнасць усім”, - адзначыў Папа Францішак перад малітвай “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 7 верасня 2014 г.
Папа Францішак у чарговы раз звярнуў увагу на сітуацыю ва ўсходняй частцы Украіны. Пасля нядзельнай малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра 7 верасня 2014 г. Пантыфік адзначыў: “На працягу апошніх дзён – хоць сёння я чуў не вельмі суцяшальныя навіны – былі зроблены значныя крокі ў пошуку перамір’я ў рэгіёнах, ахопленых канфліктам на ўсходзе Украіны. Жадаю, каб яны маглі прынесці палёгку насельніцтву і паспрыяць намаганням на карысць трывалага міру”.
Нядзеля 28 верасня 2014 г. будзе прысвечана малітве ў інтэнцыі ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Генеральнага сакратарыяту Сіноду, апублікаваным 6 верасня. Акрамя таго, “мясцовыя Касцёлы, парафіяльныя супольнасці, інстытуты кансэкраванага жыцця, асацыяцыі і рухі запрашаюцца да малітвы падчас эўхарыстычных цэлебрацый і іншых набажэнстваў на працягу дзён, якія будуць папярэднічаць сінадальным працам, і падчас іх”.
Хрысціянін павінен не быць рабом шматлікіх маленькіх прадпісанняў, а адкрыць сэрца на новую запаведзь любові, сказаў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты 5 верасня.
4 верасня 2014 г. у Ватыкане была ўрачыста адкрыта інтэрнэт-платформа “Scholas occurentes” – пэўнага кшталту адукацыйная сацыяльная сетка, мэта якой заключаецца ў тым, каб злучыць паміж сабой школы ўсяго свету і спрыяць выхаванню моладзі ў духу культуры сустрэчы і міру. Ініцыятыва была рэалізавана аднайменнай ватыканскай адукацыйнай структурай, якая ўзнікла па ініцыятыве Папы Францішка.
4 верасня 2014 г. Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі былога Прэзідэнта Ізраіля, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Шымона Перэса. Падчас сустрэчы Шымон Перэс падзяліўся са Святым Айцом ідэяй стварэння “Арганізацыі Аб’яднаных Рэлігій” – структуры, на яго думку, пакліканай замяніць ААН.
Прывілеяванае месца для сустрэчы з Хрыстом — гэта нашы грахі, а калі хрысціянін не здольны адчуваць сябе грэшнікам, збаўленым крывёй Хрыста — то ён хрысціянін «напалову», хрысціянін «цёплы», адзначыў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 4 верасня.
З нагоды міжканфесійнай міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай праваслаўнай духоўнасці, якая пачалася 3 верасня ў кляштары экуменічнай супольнасці Бозэ, на поўначы Італіі, Папа Францішак скіраваў сваё прывітанне.
Папа Францішак запэўніў у сваёй блізкасці іракскіх хрысціян, якія перажываюць драматычны перыяд пераследу і насілля з боку тэрарыстычных груповак, што захапілі значную частку краіны. 3 верасня 2014 г., звяртаючыся да арабамоўных вернікаў, перш за ўсё з Ірака, якія прыбылі на агульную аўдыенцыю ў Ватыкане, Пантыфік адзначыў, што Касцёл – гэта Маці, і, як ўсе маці, ён суправаджае сваіх дзяцей, патрабуючых дапамогі.
Мацярынства Касцёла было тэмай катэхезы Папы Францішка падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 3 верасня 2014 г. Пантыфік нагадаў, што людзі не становяцца хрысціянамі “самі па сабе, дзякуючы ўласным сілам, аўтаномным чынам”, не становяцца хрысціянамі “лабараторным” шляхам, але нараджаюцца і ўзрастаюць у веры ўнутры вялікага цела, якім з’яўляецца Касцёл.
Калі хрысціяне не разумеюць справы Святога Духа і не даюць сведчання — то не маюць ідэнтычнасці. Мець мысленне Хрыста — у гэтым заключаецца сапраўдная хрысціянская тоеснасць. Хрысціянская ўлада нараджаецца дзякуючы Святому Духу, а не чалавечай мудрасці ці дыплому па тэалогіі, аб гэтым казаў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 2 верасня.
20 верасня 2014 г. 20 маладых шлюбных пар з Рымскай дыяцэзіі складуць прысягу сужэнскай вернасці перад Папам Францішкам у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане падчас Імшы, якую ўзначаліць Пантыфік. Гэтая падзея адбудзецца за тры тыдні да пачатку надзвычайнага пасяджэння Сіноду Біскупаў, прысвечанага душпастырству сем’яў, які пройдзе 5-19 кастрычніка.