Колькасць людзей, якія сочаць за допісамі Папы Рымскага ў Цвітары, перасягнула 14 міліёнаў. Найбольшая колькасць чытачоў сочыць за цвітамі Пантыфіка, якія зроблены па-іспанску.
16 чэрвеня Папа Францішак сустрэўся з кіраўніком Англіканскай Царквы архіепіскапам Джасцінам Уэлбі, які прыбыў у Рым з трохдзённым візітам. Пасля кароткай прыватнай размовы і прадстаўлення дэлегацый Святы Айцец звярнуўся да гасцей з прамовай, у якой адзначыў, што моліцца ў інтэнцыі ўмацавання сяброўскіх адносін і супольных намаганняў на карысць прымірэння і адзінства паміж усімі веруючымі ў Хрыста.
Нядзельны вечар 15 чэрвеня Папа Францішак правёў сярод беднякоў у рымскім раёне Трастэвэрэ. Сустрэчу арганізавала Супольнасць св. Эгідзія, якая падтрымлівае людзей, што жывуць на перыферыі грамадства.
“Гэта супярэчнасць – хрысціяне, якія ненавідзяць адзін аднаго. Да гэтага заўсёды імкнецца д’ябал, каб прымусіць нас ненавідзець, таму што ён заўсёды сее куколь нянавісці”, - звярнуў увагу Папа Францішак падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” 15 чэрвеня.
Папа Францішак выказаў занепакоенасць сітуацыяй у Іраку. 15 чэрвеня пасля малітвы “Анёл Панскі” Пантыфік прызнаўся, што “з глыбокай заклапочанасцю” сочыць за падзеямі апошніх дзён у гэтай краіне.
15 чэрвеня падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” Папа Францішак абвясціў аб сваім падарожжы ў Албанію. Пантыфік наведае Тырану 21 верасня 2014 г.
Мір на Блізкім Усходзе, Касцёл на службе бедным, ватыканская рэфома, адмаўленне Бэнэдыкта XVI ад пасады Біскупа Рыма, Пій XII і Халакост, а таксама праблемы сусветнай эканомікі — гэтыя тэмы ўздымаліся Папам Францішкам ў вялікім інтэрв’ю іспанскай газеце “La Vanguardia”, якое было апублікавана 13 чэрвеня.
12 чэрвеня падчас сустрэчы з прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардыналам Анджэло Амата Папа Францішак зацвердзіў восем беатыфікацыйных дэкрэтаў. Сярод іх - прызнанне цудаў праз заступніцтва французскага святара Людавіка Эдуарда Сестака, заснавальніка Інстытута дачок Марыі, і італьянскай законніцы Ірэн Стэфані з Інстытута сясцёр місіянерак Маці Божай Суцяшэння.
Індывідуаліст у футболе стварае пагрозу для поспеху ўсёй каманды, а індывідуаліст у жыцці, які ігнаруе іншых, кідае цень на ўсё грамадства, - на гэта звярнуў увагу Папа Францішак у відэапасланні да адкрыцця Чэмпіянату свету па футболе, які 12 чэрвеня пачынаецца ў Бразіліі.
Вытворцамі і гандлярамі смерці назваў Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 11 чэрвеня тых, хто вырабляе і распаўсюджвае зброю, каб распальваць войны. Па словах Пантыфіка, яны, карумпаваныя палітыкі і тыя, хто жыве за кошт гандлю людзьмі або рабскай працы, не маюць дару боязі Божай і ніколі не будуць шчаслівымі. Папа прысвяціў катэхезу боязі Божай, апошняму з дароў Духа Святога.
У бліжэйшую нядзелю, 15 чэрвеня, Папа Францішак сустрэнецца з беднякамі і людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі Вечнага горада. Яны збяруцца ў базыліцы Маці Божай на Трастэвэрэ.
Евангельскія благаслаўленні з’яўляюцца практычнай праграмай жыцця, адзначыў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане 9 чэрвеня. На наступны дзень пасля малітоўнай сустрэчы за мір у Святой Зямлі Пантыфік падкрэсліў, што трэба мець мужнасць дабрыні, каб пераадольваць нянавісць.
Увечары 8 чэрвеня ў Ватыканскіх садах прайшла вячэрняя малітва за мір у Святой Зямлі і ў свеце з удзелам Папы Францішка, Патрыярха Канстанцінопальскага Барталамея, прэзідэнтаў Ізраіля і Палестыны Шымона Перэса і Махмуда Абаса. Сустрэча пачалася словамі: “Няхай Пан дасць вам спакой! Мы сабраліся ў гэтым месцы, ізраільцяне і палестынцы, юдэі, хрысціяне і мусульмане, каб узняць нашы малітвы за мір для Святой Зямлі і ўсіх яе жыхароў”.
“Ключавы элемент Пяцідзясятніцы - здзіўленне. Мы ведаем, што наш Бог з’яўляецца Богам сюрпрызаў. Гэта пакліканне Касцёла – ён павінен мець здольнасць здзіўляць, абвяшчаючы ўсім, што Езус Хрыстус перамог смерць, што Божыя рукі заўсёды адкрытыя”, - звярнуў увагу Папа Францішак 8 чэрвеня, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у разважаннях перад малітвай “Regina Coeli” на плошчы св. Пятра.