Постаці св. Юзафа, апекуна Езуса, прысвяціў Папа Францішак свае разважанні перад малітвай “Анёл Панскі” 22 снежня. Па словах Пантыфіка, сілай гэтага святога чалавека было яго радыкальнае імкненне да выканання Божай волі, ён цалкам адмовіўся ад сябе, сваіх спраў і планаў, і прысвяціў жыццё рэалізацыі задум Бога.
Амаль тры гадзіны працягваўся візіт Папы Францішка ў ватыканскі дзіцячы шпіталь “Bambino Gesu” 21 снежня. Сустрэчу з хворымі дзецьмі, іх сем’ямі і медыцынскім персаналам ужо назвалі адной з самых кранальных падчас гэтага Пантыфікату.
21 снежня па традыцыі на заканчэнне года Папа Францішак сустрэўся з супрацоўнікамі Рымскай Курыі. Пантыфік выказаў падзяку “ўсім, як працоўнай супольнасці”, і кожнаму асабіста за штодзённае служэнне: “за клопат, працавітасць, крэатыўнасць, за не заўсёды лёгкія намаганні супрацоўніцтва ў выкананні абавязкаў”.
Па словах старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл у захапленні ад Пантыфікату Папы Францішка, у чым і прызнаўся кардыналу Курту Коху, які на гэтым тыдні здзяйсняў візіт у Санкт-Пецярбург і Маскву. Ватыканскі іерарх сустрэўся з кіраўніком Рускай Праваслаўнай Царквы 18 снежня і расказаў пра гэтую сустрэчу Ватыканскаму радыё.
20 снежня Папа Францішак сустрэўся з дзецьмі італьянскага аддзялення руху “Каталіцкая акцыя”. “Нараджэнне Езуса – не байка! Гэта рэальная гісторыя, якая адбылася ў Бэтлееме дзве тысячы гадоў таму”, - падкрэсліў Святы Айцец, звяртаючыся да дзяцей.
Папа Францішак скіраваў відэапасланне да аргенцінскіх беднякоў “картонэрос”, якія жывуць дзякуючы перапрацоўцы кардону і іншых матэрыялаў. Пантыфік адзначыў, што сёння з дапамогай прадуктаў харчавання, якія выкідваюцца, можна было б накарміць усіх галодных у свеце, і сёння “мы не можам дазволіць сабе раскошы марнаваць тое, што засталося” са стала багацея.
Папа Францішак падрыхтаваў спецыяльную малітву за сям’ю, якая прагучыць упершыню 29 снежня. Гэтая ініцыятыва Пантыфіка звязана з падрыхтоўкай да Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў, якая пройдзе ў Ватыкане 5-19 кастрычніка 2014 г. і будзе прысвечана сям’і ў кантэксце евангелізацыі.
Агульная аўдыенцыя 18 снежня была 30-й і апошняй у гэтым годзе для Папы Францішка. На падставе квіткоў, якія распаўсюдзіла за гэты час Прэфектура Папскага Дому, можна сцвердзіць, што аўдыенцыі з удзелам Пантыфіка ад 27 сакавіка наведалі больш за 1,5 млн чалавек.
Пантыфік пашырыў на ўвесь Касцёл культ бл. П'ера Фаўра, французскага езуіта, які жыў у XVI ст. Ён будзе далучаны да каталогу святых Паўсюднага Касцёла. Таксама Папа выказаў згоду на абвяшчэнне Кангрэгацыяй па справах Кананізацыі дэкрэту аб прызнанні цуду праз заступніцтва Слугі Божай Марыі Тэрэзы Дзям’яновіч з ЗША, якая належала да Кангрэгацыі Сясцёр Міласэрнасці св. Альжбеты, і дэкрэту аб гераічнасці цнотаў Слугі Божага кс. Эмануэля Эстаблеса з Іспаніі, заснавальніка Кангрэгацыі Сясцёр Нявольніц Маці Божай Балеснай.
18 снежня ў Апостальскую Сталіцу прыбыў Бэтлеемскі агонь міру. Яго даставілі пілігрымы з аўстрыйскага Лінца на чале з біскупам Людвігам Шварцам, якія прысутнічалі на агульнай аўдыенцыі.
Разважанню над сэнсам Божага Нараджэння прысвяціў катэхезу падчас агульнай аўдыенцыі 18 снежня Папа Францішак. Па словах Святога Айца, вельмі дарэчы ў апошнія дні Адвэнту задумацца над глыбінёй падзеі, якая перавярнула гісторыю чалавецтва.
Раніцай 17 снежня, у дзень свайго нараджэння, Святы Айцец Францішак цэлебраваў Імшу, на якую запрасіў персанал Дома св. Марты. Пантыфік адзначае 77-годдзе.
Папа Францішак адзначае дзень нараджэння. Хорхе Марыё Берголіа нарадзіўся 17 снежня 1936 года. Нагоду павіншаваць Пантыфіка маюць у гэты дзень усе карыстальнікі твітара.
У абліччы пераследу і насілля ў адносінах да хрысціян ва ўсім свеце Папа Францішак лічыць адзінства хрысціянскіх Цэркваў адной са сваіх найважнейшых задач. “Для мяне гэта – экуменічны прыярытэт”, - сказаў Пантыфік у інтэрв’ю італьянскай газеце “La Stampa”.
Пра радасць на шляху да Божага Нараджэння казаў перад малітвай “Анёл Панскі” 15 снежня Папа Францішак. Па словах Пантыфіка, крыніцай радасці для хрысціян застаецца Евангелле: менавіта яно дазваляе вызнаўцам Хрыста не баяцца і рухацца наперад, устаць і працягваць шлях.