Папа Францішак зрабіў падарунак рымскім беднякам і бяздомным. У бліжэйшыя дні, з нагоды Божага Нараджэння, арцыбіскуп Конрад Краеўскі ад імя Святога Айца ўручыць ім канверты, якія можна будзе выкарыстаць, каб даслаць святочныя віншаванні родным і блізкім.
14 снежня Папа Францішак наведаў ватыканскі дзіцячы дыспансэр св. Марты. Затым у Зале Паўла VI Пантыфік сустрэўся з дзецьмі, выхаванцамі дыспансэра, іх сем’ямі і валанцёрамі, якія дапамагаюць сёстрам з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля.
Пакора св. Францішка Асізскага была тэмай другога адвэнтавага казання прапаведніка Папскага Дома айца Раньера Канталамесы. У капліцы “Redemptoris Mater” у Апосталькім палацы 13 снежня прысутнічаў Папа Францішак. Казанні для Пантыфіка і яго супрацоўнікаў гучаць у кожную пятніцу Адвэнту, іх агульная тэма - "Да Божага Нараджэння разам са св. Францішкам Асізскім".
На трывожную з’яву ў Касцёле — катэгорыю заўсёды незадаволеных хрысціян — звярнуў увагу 13 снежня падчас Імшы Папа Францішак. Па словах Пантыфіка, гэта тыя, хто баіцца адчыніць дзверы для Святога Духа - адсюль іх стан пастаяннага смутку.
13 снежня ўвечары на плошчы св. Пятра адбудзецца ўрачыстая інаўгурацыя святочнай ёлкі і «прэм’ернае» уключэнне ілюмінацыі на ёй. У першай палове дня папа Францішак сустрэўся з вялікай баварскай дэлегацыяй, якая прыбыла на гэту ўрачыстую цырымонію. Святочнае дрэва сёлета было ахвяравана Пантыфіку ўладамі і жыхарамі нямецкага горада Вальдмюнхен.
“Братэрства – аснова міру і шлях да яго” – гэтай тэме прысвечана пасланне Папы Францішка на Сусветны дзень міру, які будзе адзначацца 1 студзеня. Святы Айцец адзначае, што “няўрымслівае жаданне братэрства” прысутнічае ў сэрцы кожнага чалавека.
Рыхтуючыся да святаў Божага Нараджэння, было б добра суцішыцца, каб паслухаць Бога, які прамаўляе з пяшчотай бацькі або маці, — аб гэтым казаў Папа Францішак падчас ранішняй Імшы 12 снежня.
Уплывовы амерыканскі часопіс “Time” назваў Папу Францішка “Чалавекам года”. Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі лічыць станоўчым знакам, што адна з самых прэстыжных узнагарод міжнароднай прэсы надаецца таму, хто абвяшчае духоўныя, рэлігійныя і маральныя каштоўнасці ў свеце, спрыяе міру і большай справядлівасці.
Па словах Папы Францішка, калі добра ўгледзецца ў таямніцу Апошняга Суду, яна не можа не стаць “прычынай вялікага суцяшэння і даверу”. 11 снежня падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра Пантыфік пачаў апошнюю серыю катэхез, прысвечаных Сімвалу веры, і патлумачыў, чым з’яўляецца Апошні Суд, які “амаль інстынктыўна нараджае ў нас пачуццё страху і, магчыма, нават трымцення”.
Папа Францішак перадаў лекі для 4 тысяч сірыйскіх дзяцей у Ліване. Праект дапамогі будзе ажыццяўляцца Папскай радай “Cor Unum” разам з дзіцячай ватыканскай бальніцай “Bambino Gesu” ў Рыме.
Пра тое, што не трэба баяцца суцяшэння Бога, – наадварот, трэба шукаць і прасіць яго, казаў Папа Францішак падчас Імшы 10 снежня ў капліцы Дома св. Марты. Каментуючы ўрывак з Кнігі Ісаі, Пантыфік звярнуў увагу, што Бог “прыходзіць да свайго народа, каб суцешыць яго”.
14 снежня Папа Францішак наведае педыятрычны дыспансэр св. Марты ў Ватыкане. Пасля гэтага Пантыфік сустрэнецца з валанцёрамі, якія дапамагаюць сёстрам з Кангрэгацыі Дачок Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля ажыццяўляць служэнне ў дыспансэры, створаным Піем XI у 1922 г.
Папа Францішак абвясціў “кампанію супраць голаду”. Асацыяцыя дабрачынных каталіцкіх арганізацый “Caritas internationalis” пачне рэалізоўваць яе 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, пад дэвізам “Адзіная чалавечая сям’я – харчаванне для ўсіх”. У сваім відэапасланні Святы Айцец запэўніў, што гэтая ініцыятыва атрымала яго поўную падтрымку.
9 снежня Папа Францішак зацвердзіў дэкрэты, якія тычацца прызнання цуду, мучаніцтва і гераічнасці цнотаў некаторых кандыдатаў да беатыфікацыі. Сярод іх прызнанне цуду, здзейсненага праз заступніцтва італьянскай законніцы Джаваніны Франкі, заснавальніцы Кангрэгацыі Шпітальных Сясцёр Маці Божай Балеснай.