4 кастрычніка Папа наведае Асізі — радзіму св. Францішка, дзе пабывае ў святынях і месцах, звязаных з жыццём святога апекуна яго Пантыфікату. Першым пунктам падарожжа стане дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр «Інстытут Серафіко».
«Памолімся аб міры: міры ў свеце і ў кожным з нашых сэрцаў», — з такім запісам звярнуўся да вернікаў Святы Айцец Францішак 1 верасня ў «Твітэры».
31 жніўня папа Францішак пацвердзіў паўнамоцтвы шэрагу вышэйшых кіраўнікоў Дзяржсакратарыята і Прэфектуры Папскага дому. Аб гэтым Пантыфік паведаміў ім падчас аўдыенцыі ў Доме св. Марты.
31 жніўня Святы Айцец Францішак прыняў адстаўку кардынала Тарчызіё Бэртонэ з пасады Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці. Пантыфік папрасіў іерарха застацца на гэтай пасадзе да 15 кастрычніка і адначасова прызначыў новага Дзяржаўнага Сакратара, якім стаў арцыбіскуп Пьетро Паралін, да гэтага часу Апостальскі Нунцый у Венесуэле.
30 жніўня папа Францішак сустрэўся з членамі «Фонда імя кардынала Карло Марыі Марціні», першая гадавіна смерці якога будзе адзначацца 31 жніўня. Фонд, заснаваны па ініцыятыве італьянскай правінцыі езуітаў у супрацоўніцтве з Міланскай архідыяцэзіяй, нарадзіўся з мэтай лепшага вывучэння жыцця і прац памерлага кардынала.
Папа Францішак прывітаў удзельнікаў ХІІІ Міжрэлігійнага сімпозіума, які праходзіць у Мілане 28-30 жніўня. У пасланні на імя старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынала Курта Коха Святы Айцец высока ацаніў значэнне форума, які адбываецца па ініцыятыве Інстытута францішканскай духоўнасці Папскага ўніверсітэта Антоніанум і факультэта праваслаўнай тэалогіі ўніверсітэта Арыстоцеля ў Салоніках.
«Любоў Бога не з’яўляецца чымсьці няпэўным або абагуленым; у любові Бога ёсць імя і твар: Езус Хрыстус», — з такім запісам звярнуўся папа Францішак да сваіх чытачоў на «Твітэры» 29 жніўня.
28 жніўня Святы Айцец узначаліў Імшу з нагоды адкрыцця генеральнага капітула ордэна аўгустыніянаў. Літургія прайшла ў рымскай базыліцы св. Аўгустына, у ёй прынялі удзел законнікі, законніцы і свецкія кансэкраваныя асобы з усяго свету, якія жывуць паводле рэгулы біскупа Гіпона.
28 жніўня папа Францішак сустрэўся з моладдзю, якая прыбыла ў Рым з італьянскай дыяцэзіі Пьячэнца-Бобіа. Сустрэча паміж Святым Айцом і маладымі пілігрымамі адбылася ў ватыканскай базыліцы св. Пятра, удзел у ёй прынялі каля 500 чалавек.
27 жніўня Святы Айцец звярнуўся да вернікаў з новымі запісамі ў «Твітэры». «Езус — брама, якая вядзе да збаўлення, брама, адкрытая для ўсіх», — так гучыць адзін з запісаў Папы.
25 жніўня папа Францішак праз «Твітэр» заклікаў вернікаў не баяцца прасіць прабачэння ў Бога. «Не бойцеся прасіць прабачэння ў Бога. Ён ніколі не стамляецца прабачаць нас. Бог — гэта сама міласэрнасць», — так гучыць запіс Святога Айца.
Папа Францішак наведае езуіцкі цэнтр дапамогі бежанцам і мігрантам у Рыме «Astalli». Візіт Пантыфіка адбудзецца 10 верасня.
Пасля нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра 25 жніўня Святы Айцец Францішак у чарговы раз звярнуўся з заклікам да міру ў Сірыі. Папа адзначыў, што «з вялікім болем і нарастаючай заклапочанасцю працягвае назіраць за сітуацыяй» у гэтай краіне.
Святам Перамянення Пана, якое 19 жніўня святкавалі паводле юліанскага календара, скончыліся грэка-каталіцкія ўрачыстасці ў Кіеве, звязаныя з 1025 гадавінай хрышчэння Русі.