Папа Францішак выразіў удзячнасць арцыбіскупу Рыа-дэ-Жанэйра — Арані Жуану Тэмпеста за гарачы прыём і сведчанне веры падчас сусветнага Дня моладзі. У асабістым лісце да арцыбіскупа Святы Айцец зазначыў, што гэтая вера аказалася «нашмат мацнейшая, чым холад і дождж», якія спадарожнічалі ўдзельнікам сустрэчы.
9 жніўня папа Францішак наведаў работнікаў ватыканскіх сталярнай і слясарнай майстэрняў, цепла- і гідравузла. Як паведаміў адзін супрацоўнікаў «прамысловай зоны» Апостальскай Сталіцы Алесандро Дэ Грэгары, ён і яго калегі былі вельмі здзіўлены візітам Пантыфіка.
Святы Айцец перадаў цёплае прывітанне і запэўніў у малітоўнай блізкасці ўдзельнікаў 131-га з’езду членаў дабрачыннай арганізацыі «Рыцары Калумба» — самай буйной у свеце супольнасці свецкіх вернікаў — які ў гэтыя дні праходзіў у амерыканскім Сан-Антоніо. У сваім пасланні Папа выказаў павагу да ідэалаў веры і братэрства, увасобленых у шматлікіх справах міласэрнасці і евангельскага сведчання гэтай супольнасці.
8 жніўня быў апублікаваны Апостальскі ліст папы Францішка ў форме «motu proprio» адносна барацьбы з фінансавымі злачынствамі. Працягваючы дзейнасць Бэнэдыкта XVI у сферы барацьбы з незаконнымі аперацыямі ў фінансавай сферы, Пантыфік гэтым дакументам пацвярджае намер Святога Пасаду супрацьстаяць адмыванню грошай, фінансаванню тэрарызму і распаўсюджванню зброі масавага знішчэння.
Папа Францішак прывітаў аргенцінскіх католікаў, якія прымуць удзел у зборы ахвяраванняў на патрэбы бедных, што пройдзе 8 верасня. Арганізатарам ініцыятывы з’яўляецца мясцовы епіскапат, а яе сёлетні дэвіз — «Давяраем Тваёй дапамозе».
Як кожны месяц, на жнівень падаюцца дзве інтэнцыі малітвы Святога Айца: агульная і місійная. Першая з іх гучыць так: «Каб бацькі і выхавацелі дапамагалі новым пакаленням узрастаць, маючы правільнае сумленне і жывучы згодна з ім».
Святы Айцец звярнуўся з відэапасланнем да сваіх суайчыннікаў, сабраных у санктуарыі св. Каэтана ў Буэнас-Айрэсе. Святы Каэтан з’яўляецца апекуном Аргенціны, і ў яго санктуарыі вернікі сустракаюцца штогод 7 жніўня.
6 жніўня Святы Айцец Францішак скіраваў пасланне на Сусветны дзень місій, які сёлета будзе адзначацца 20 кастрычніка. У пасланні Папа звярнуў увагу, што моц веры вымяраецца здольнасцю перадаваць яе іншым, жыць ёй у любові, сведчыць перад тымі, каго сустракаем і хто падзяляе з намі жыццёвы шлях.
2 жніўня папа Францішак скіраваў мусульманам усяго свету пасланне з нагоды завяршэння месяца Рамадан, прысвечанага посту, малітве і міласэрнасці. Як гаворыцца ў пасланні, звычайна з ім звяртаецца Папская рада па міжрэлігійным дыялогу, але сёлета яго вырашыў скіраваць сам Пантыфік як «выраз павагі і сяброўства да ўсіх мусульман».
У чым таямніца прыцягальнасці папы Францішка для моладзі? На гэта пытанне адказаў італьянскі тэолаг, арцыбіскуп К’еці-Васта Бруно Фортэ. Паводле іерарха, Папа мае тры рысы, якія прывабліваюць моладзь: яго «сапраўднасць», давер і здольнасць даваць упэўненасць.
Папа Францішак зацвердзіў тэму наступнага 47-га Сусветнага дня міру, які штогод адзначаецца па ініцыятыве Каталіцкага Касцёла 1 студзеня. «Братэрства — фундамент і шлях да міру», — так гучыць тэма.
31 ліпеня Святы Айцец Францішак зноў звярнуўся да моладзі праз «Твітэр». «Дарагія юнакі і дзяўчаты, варта зрабіць стаўку на Хрыста і Яго Евангелле, рызыкнуць усім дзеля вялікіх ідэалаў!» — так гучыць запіс Папы.
Паставіць Хрыста ў цэнтр свайго жыцця заклікаў папа Францішак удзельнікаў Эўхарыстыі, якую ўзначаліў у рымскім езуіцкім касцёле Найсвяцейшага Імя Езуса (Іль-Джэзу). Пантыфік наведаў святыню 31 ліпеня, ва ўспамін св. Ігнацыя Лаёлы, заснавальніка Ордэна езуітаў, да якога ён сам належыць.
29 ліпеня падчас вяртання ў самалёце з Рыа-дэ-Жанэйра папа Францішак правёў прэс-канферэнцыю. Пантыфік казаў пра кананізацыю благаслаўлёных Яна ХХІІІ і Яна Паўла ІІ, Ватыканскі банк, служэнне біскупаў, свае планы на будучыню і многае іншае.
Пасля вяртання з Дня моладзі папа Францішак звярнуўся да маладых вернікаў у «Твітэры». «Зараз, дарагія юнакі і дзяўчаты, мы павінны працягваць жыць кожны дзень усім тым, што мы разам вызнавалі падчас Сусветнага дня моладзі», — так гучаць словы Пантыфіка.